лом, і жэстамі запрашаў мяне спыніцца. Я спыніўся, і ён падышоў да мяне, зусім засопшыся.
— Не, мой дарагі друг, — пачаў ён, ледзь пераводзячы дух. — Не, я не магу не скарыстаць гэтага выпадку, каб яшчэ раз, у знак вашай прыхільнасці… Ці смею я, як стары друг і зычлівец?.. Ці смею я?..
Мы па меншай меры ў соты раз паціснулі адзін аднаму руку, і ён строга загадаў рамізніку, які праязджаў міма, даць мне дарогу. Потым ён благаславіў мяне і стаяў, махаючы мне рукою, пакуль я не завярнуў за вугал.
Так прайшлі аўторак, серада і чацвер, а ў пятніцу раніцою я адправіўся да містэра Пембльчука, каб надзець новае плацце і зрабіць візіт міс Гевішам. У маё распараджэнне быў адданы ўласны пакой містэра Пембльчука, упрыгожаны на гэты выпадак чыстымі ручнікамі. Вядома, новае плацце крыху абманула мае чаканні. Я думаю, што ўсе новыя плацці, асабліва тыя, якіх з нецярплівасцю чакаеш, заўсёды, з таго часу як носяць людзі плацці, крыху расчароўвалі сваіх уладальнікаў. Але, прабыўшы ў новым касцюме з поўгадзіны і прастаяўшы ў розных позах перад убогім люстэрачкам містэра Пембльчука, дарэмна стараючыся ўбачыць свае ногі, я пачаў лічыць, што плацце сядзіць на мне як быццам крыху лепш. У суседнім гарадку быў базар, і містэра Пембльчука не было дома. Я не сказаў яму, калі ад‘язджаю, і разлічваў, што да майго ад‘езду яму, напэўна, не здарыцца больш выпадку паціснуць маю руку. Я быў гэтаму вельмі рад і вышаў на вуліцу ў сваім новым адзенні, страшэнна канфузячыся прыказчыка, каля якога мне трэба было прайсці, бо мяне мучыла падазрэнне, што я прадстаўляю сабою даволі мізэрную фігуру і падобен на Джо ў яго святочным убранні. Я пайшоў у абход, па задніх вуліцах, дайшоў так да самага дома міс Гевішам і з вя-
121