Старонка:Вязьмо (1932).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Частка першая

1

Надвячоркам, як ужо добра зашарэла ў хацëнцы, Галілей бордзенька саскочыў з печы, увамкнуў сьвятло свае саматужнае электрычнасьці і вострым руплівым вокам азірнуў начыньне. Але зараз-жа, мабыць раптоўна наважыўшы нешта, ён зноў загасіў электрычнасьць, гукнуў Босага і вышаў на вуліцу. Па вуліцы ён, як зазвычай, ня йшоў, а бег трушком, дробна падкідаючы ўсё сваё хударлявае тулава. І так сама, як ён, дробна трусіўся сьледам за ім яго неразлучны калматы таварыш.

Так дабег Галілей да памяшканьня местачковае сямігодкі. Босага ён, не ўважаючы на яго жаласны протэст, пакінуў у цёмных халодных сенцах, a сам асьцярожна прачыніў дзьверы ў кватэру загадчыка сямігодкі.

Марына Паўлаўна стаяла, укленчыўшы на канапе, перад акном — роўна, нярухома, як на шчырым маленьні, і ўзіралася ў сіні вечаровы змрок. Як вайшоў Галілей, яна страпянулася, быццам спалохалася, каб ня ўступіў хто ў кола яе вольна раскінутых на самоце думак, саскочыла долу і села, стуліўшыся, у куточку канапы.

Галілей непакойна тупаў у парозе і раз-по-раз стрымана кашляў.

— Можа сьвятло запаліць, дзядзька Ахрэм?

— Кхе... кхе... вось зараз скончу сваю работу, дык зраблю электрычнасьць вам, Марына Паўлаўна... ветрачок, як у мяне...

— Пакуль што я запалю лямпу. Сядайце, калі ласка.

Галілей падышоў бліжэй, але астаўся стаяць — сядзець ён ня любіў.

Марына Паўлаўна запаліла сьвятло, і яно цьмяна азарыла твар яе, стараваты ўжо, збляклы, з бясьцьветнымі вачмі, у пустэчы якіх правальваліся ўсе захаваныя думкі яе і адчуваньні.

Галілеева барадзёнка затрэслася ў спагадлівай турбоце. І каб разьвеяць Марыне Паўлаўне яе глухую немарасьць, ён — аб чым-жа больш? — зачаў гаварыць аб сваім вынаходніцтве.

— Усё з печкай вэдзгаюся, Марына Паўлаўна... ага... Цыркулярная печка... цыркуляцыя, значыцца, духу... ага... Дый карціць мне, каб як бяз дыму. Дым цяплыню з хаты выносіць, дык каб затрымаць яе..