Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5. НА ПРОЙДЗЕНАЙ ДАРОЗЕ

За сінім долам зьнікла поле,
Ў вушох цяпер інакшы шум…
Ты мне лістоў ня пішаш болей
І я табе ўжо ня пішу.

Гучыць туга, як чорнабыльля
Сухія, мёртвыя камлі…
Мы ўсё з табой дагаварылі,
Мы да ўсяго з табой дайшлі.

Як серабро, расінак сьлёзы
Спадаюць з дрэва на страху.
На нашай пройдзенай дарозе
Няма ні слоты, ні віхур.

Шалёным, збарсаным галёпам
Мінулі мы жыцьцёвы дым,
Ісьці каб потым розным тропам,
Кідаць па рознаму сьляды.

Вось зараз і чужою мовай
Тлумачыш ты навіны мне…
Сыгнэт душы маёй суровай
Мізэрнасьць пешчаў не кране.