ДЗЯЛІЦЬБА
I
Ну, што ты з гэтымі бабамі зробіш?
Калі ў хаце жывуць дзьве бабы, то ўжо спакою няма.
— Гыр-гыр-гыр! гыр-гыр-гыр! — гыркаюцца яны ад самага раньня.
Адна — капач, тая — мешалка. Адна — гультай, другая — няўмека.
Так і кідаюць адна аднэй на вочы.
А як лягуць спаць, то кожная ўсю ноч шэпча на вуха свайму мужыку, — нагаварвае на другую.
Мужчыны толькі скрыва паглядаюць адзін на аднаго. Але, пакуль што, маўчаць.
Да дзяліцьбы яшчэ далёка. Дзяліцьба ідзе вось у якім парадку: перш-на-перш выступаюць бабы.
Бабы сварацца год, год з палавінаю, а то і цэлых тры. Мой нябожчык-дзед казаў, што яго нябожчыца-жонка сварылася з яго нябожчыцай-братавай цэлых дванаццаць год! Наўперад бабы сварацца патроху, — так, гадзіну, дзьве ў дзень.
Потым сварцы адводзіцца больш часу — гадзін 5-6.