Здавалася, што гарматы грымелі цяпер шмат бліжэй.
Каля Бажковай клуні таксама стаяў і Пятро Мазалеўскі. Свае клуні Пятро ня меў.
Раман пашоў да Пятра паздароўкацца.
— Мне здаецца, што сёння гарматы як-бы аддаліліся, — прамовіў Пятро.
— Дзе ты бачыў, аддаліліся, — зусім блізка грукацяць!
Як-бы прыпыняючы іх спрэчку, пракаціўся густы, выразны, акруглены гук.
— Чуеш? — сказаў Раман.
— Што-ж, — прамовіў Пятро: — пры стычках усяк бывае. Зарвецца дзе іх банда, вось і выбіваюць.
— Банда, то банда, але глядзі, куды дашлі… Нічога, мусіць, брат, ня будзе, калі ў іх парадак моцны, дысцыпліна, бранявікі, танкі і ўсё, што хочаш.
— Ну, бранявікі! а ў нас, ты думаеш, бранявікоў няма? Прагналі-ж Калчака. Цяпер з таго фронту сюды гоняць войска. Яшчэ, брат, рана ім казырыцца, яшчэ ўсё можа быць.
— Не, Пятро, — круціў Раман галавою: — штось на гэта не паказвае. Чуткі ёсьць, што ўжо і Курск вывозіцца. Трудна, брат, з імі змагацца.