Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тры вывадкі, ды арабкоў пяць, — прагаварыў ён і зноў ўзяўся за сваю работу.

Вось з гэтым Ягорам ды з Кандратам я і паехаў у наступны дзень на паляванне. Умомант пераехалі мы паляну, што акружала Святое, а выехаўшы ў лес, зноў пацягнуліся ступою.

Вунь, віцюцень сядзіць, — загаварыў раптам, павярнуўшыся да мяне, Кандрат: — трэба было-б збіць.

Ягор паглядзеў у той бок, куды Кандрат паказваў, і нічога не сказаў. Да віцютня было крокаў сто, калі не больш, а яго і на сорак крокаў не заб’еш: такая ў яго моц у пер’ях.

Яшчэ некалькі заўваг зрабіў словаахвотлівы Кандрат; але лясная цішыня нездарма ахапіла і яго: ён змоўк. Толькі зрэдку перакідваючыся словамі, ды паглядваючы наперад, ды прыслухоўваючыся да сапення коней, дабраліся мы, нарэшце, да «Машнога». Гэтым імем называўся вялікі сасновы лес, у якім дзе-ні-дзе раслі ёлкі. Мы злезлі; Кандрат уцягнуў калёсы ў куст, каб камары коней не кусалі. Ягор аглядзеў курок стрэльбы і перахрысціўся: ён нічога не пачынаў, не перахрысціўшыся.

Лес, у які мы ўвайшлі, быў вельмі стары. Не ведаю, ці блукалі па ім татары, але рускія зладзеі або літоўскія людзі смутнага часу напэўна ўжо маглі хавацца ў яго глушы. У досыць значнай адлегласці адна ад другой уздымаліся магутныя сосны велізарнымі, крыху пакрыўленымі слупамі бледнажоўтага колеру; між імі стаялі, выцягнуўшыся ў струнку, другія, маладзейшыя. Зеленаваты мох, увесь усеяны жоўтымі іголкамі, пакрываў зямлю; дурніцы раслі густымі кустамі; моцны пах іх ягад, які нагадвае пах выхухалі, сціскаў дыханне. Сонца не магло прабіцца праз густую шапку сасновых галін; але ў лесе было ўсё-такі душна, і не цёмна; як буйныя кроплі поту, выступала і ціха паўзла ўніз цяжкая, празрыстая смала па грубой кары дрэў. Нерухомае паветра без ценю і без святла пякло твар. Усё маўчала; нават крокаў нашых не было чуваць: мы ішлі па моху, як па дывану; асабліва Ягор рухаўся бясшумна, нібы цень; пад яго нагамі нават галінка не трашчала. Ён ішоў не спяшаючыся і зрэдку пасвістваў у пішчык; арабок хутка адклікнуўся і на маіх вачах шмыгнуў у густую ёлку; але дарэмна паказваў мне яго Ягор: як я ні напружваў свой зрок, а разгледзець яго ніяк не мог; прышлося Ягору па ім стрэліць. Мы знайшлі таксама два вывадкі глушцоў; асцярожныя птушкі ўзляталі далёка, з цяжкімі рэзкім стукам; нам, аднак, удалося застрэліць трох маладых.