Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта азначаюць вашы пагрозы, вашы настойлівыя патрабаванні?

Павел Апанасавіч выцер пот з твара.

— Ці даеш ты мне слова? гавары: даеш ці не? — паўтарыў з расстаноўкай Васіль.

— Калі ласка… даю, але…

— Добра. Памятай-жа… Яна ва ўсім прызналася.

— Хто прызналася?

— Ольга Іванаўна.

— Ды ў чым прызналася?

— Ды што вы перада мной прытвараецеся, Павел Апанасавіч? Я-ж вам не чужы, можа.

— У чым я прытвараюся? Я вас не разумею, не разумею, зусім не разумею. У чым магла Ольга Іванаўна прызнацца?

— У чым? Вы мне надаелі! Вядома ў чым…

— Забі мяне бог…

— Не, я цябе заб’ю — калі ты яе замуж не возьмеш… разумееш?

— Як!.. — Павел Апанасавіч усхапіўся і спыніўся перад Васілём. — Ольга Іванаўна, вы кажаце…

— Спрытны, браток, ты, спрытны, трэба сказаць; — Васіль з усмешкай патрапаў яго па плячы: — дарма, што з выгляду спакойны.

— Божа, мой божа!.. Вы мяне з розуму зводзіце… Што вы хочаце сказаць, растлумачце, будзьце ласкавы!

Васіль нагнуўся да яго і шапнуў яму штосьці на вуха.

Рагачоў закрычаў: — Як?.. я?

Васіль тупнуў нагой.

— Ольга Іванаўна? Ольга?

— Так… ваша нявеста…

— Мая нявеста… Васіль Іванавіч… яна… яна… ды я-ж яе і знаць не хачу, — закрычаў Павел Апанасавіч. — Бог з ёю зусім! за каго вы мяне лічыце? Ашукаць мяне — мяне ашукаць… Ольга Іванаўна, не грэх вам, не сорамна вам. (Слёзы пырснулі ў яго з вачэй.) — дзякуй вам, Васіль Іванавіч, дзякуй… А я яе і знаць цяпер не хачу! не хачу! не хачу! і не гаварыце… Ах, бацюхны мае! — вось да чаго, я дажыўся! Добра-ж, добра!

— Годзе вам дзяцініцца, — заўважыў спакойна Васіль Іванавіч. — Памятайце, вы мне далі слова: заўтра вяселле.