Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

я мала размаўляў з табой. І хто-ж? свой-жа брат, ды яшчэ…» і ён устаў, падумаў, ды і пастукаў сабе кулаком па патыліцы…

Некалькі дзён прайшло пасля гэтага дня досыць дзіўным чынам. Акім усё паглядаў на жонку сваю, нібы збіраўся ёй штосьці сказаць; і яна, са свайго боку, на яго падазрона глядзела; прытым, яны абое вымушана маўчалі; між іншым, гэта маўклівасць звычайна перапынялася бурклівай заўвагай Акіма наконт якога-небудзь недагляду ў гаспадарцы, або наконт жанчын наогул; Аўдоцця, часцей за ўсё, не пярэчыла яму ні словам. Аднак, пры ўсёй дабрадушнай слабасці Акіма, між ім і Аўдоццяй абавязкова дайшло-б да рашучай размовы, калі-б не здарыўся, нарэшце, выпадак, пасля якога ўсякія размовы былі-б бескарыснымі.

А іменна, адной раніцай, Акім з жонкай ледзь толькі сабраліся папалуднаваць (праезджых у пастаялым дварэ, з прычыны летніх работ, ніводнага не было), як раптам па дарозе моцна застукала каламажка і крута спынілася перад ганкам. Акім зірнуў у акно, нахмурыўся і апусціў вочы: з каламажкі, не спяшаючыся, вылазіў Навум. Аўдоцця яго не ўбачыла, але калі пачуўся ў сенцах яго голас, лыжка крыху здрыганулася ў яе руцэ. Ён загадваў работніку паставіць каня на двор. Нарэшце, дзверы расчыніліся, і ён ўвайшоў у пакой.

— Дзень добры, — сказаў ён і зняў шапку.

— Добры дзень, — паўтарыў праз зубы Акім. — Адкуль бог прынёс?

— Па суседству, — запярэчыў той і сеў на лаўку. — Я ад пані.

— Ад пані, — прагаварыў Акім, усё не ўстаючы з месца. — Па справах, напэўна?

— Так, па справах. Аўдоцця Арэф’ёўна, наша вам пашана.

— Добры дзень, Навум Іванавіч, — адказала яна. Усе памаўчалі.

— Што гэта ў вас, пахлёбка відаць нейкая, — пачаў Навум.

— Так, пахлёбка, — запярэчыў Акім, і раптам пабялеў: — ды не для цябе.

Навум са здзіўленнем зірнуў на Акіма.

— Як не для мяне?

— Ды так вось, што не для цябе. — У Акіма вочы заблішчэлі, і ён стукнуў рукою па стале. — У мяне ў доме нічога для цябе няма, чуеш?

— Што ты, Сямёныч, што ты? Што з табой?

— Са мною то нічога, а ты мне надакучыў, Навум Іванавіч,