Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я толькі паглядзеў на яе — а яна адвярнулася і, сказаўшы: — «ідзіце за мной, мой паж», — пайшла да флігеля. Я пайшоў услед за ёю — і ўсё не разумеў у чым справа. «Няўжо, — думаў я, — гэта спакойная разважлівая дзяўчына — тая самая Зінаіда, якую я ведаў?» І хада яе здавалася мне цішэй — уся яе постаць больш велічнай і стройнай…

Але божа мой! з якой новай сілай разгаралася ва мне каханне!

XVI

Пасля абеду зноў сабраліся ў флігелі госці — і княжна вышла да іх. Уся кампанія была ў наяўнасці — у поўным складзе, як у той першы, незабыўны для мяне вечар. Нават Нірмацкі прыцягнуўся. Майданаў прышоў на гэты раз раней за ўсіх — ён прынёс новыя вершы. Пачаліся зноў гульні ў фанты, але ўжо без ранейшых дзіўных штук, без дурасці і шуму — цыганскі элемент знік. Зінаіда дала новы настрой нашай сходцы. Я сядзеў каля яе, па праву пажа. Між іншым яна прапанавала, каб той, чый фант вымецца, расказваў свой сон. Але гэта не ўдалося. Сны атрымліваліся або нецікавыя (Белаўзораў бачыў у сне, што накарміў свайго каня карасямі, і што ў яго была драўляная галава), або ненатуральныя, выдуманыя… Майданаў пачаставаў нас цэлым апавяданнем: тут былі і магільныя скляпы, і ангелы з лірамі, і гаворачыя кветкі… і далятаючыя здалёку гукі… Зінаіда не дала яму скончыць. «Калі ўжо справа дайшла да твораў, — сказала яна: — дык няхай кожны раскажа што-небудзь, абавязкова выдуманае». — Першаму выпала гаварыць таму-ж Белаўзораву.

Малады гусар збянтэжыўся. — Я нічога выдумаць не магу! — усклікнуў ён.

— Якое глупства! — падхапіла Зінаіда. — Ну ўявіце сабе, напрыклад, што вы жанаты, і раскажыце нам; як-бы вы праводзілі час з вашай жонкай. Вы яе замкнулі-б.

— Я-б яе замкнуў.

— І самі сядзелі-б з ёю?

— І сам абавязкова сядзеў-бы з ёй.

— Цудоўна. Ну а калі-б ёй гэта надакучыла, і яна-б здрадзіла вам?

— Я-б яе забіў.

— А калі-б яна ўцякла?

— Я дагнаў-бы яе, і ўсё-такі забіў-бы.