Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мне даводзіцца глядзець зверху ўніз. Мне трэба такога, які-б сам мяне зламаў… Ды я на такога і не нападу, божа збаў! Не траплю нікому ў лапы, не, не!

— Значыцца, вы ніколі не пакахаеце?

— А вось вас? Хіба я вас не кахаю? — сказала яна і выцяла мяне па носе канцом пальчаткі.

Так, Зінаіда вельмі пацяшалася нада мной. На працягу трох тыдняў я яе бачыў кожны дзень — і чаго, чаго яна са мной не вырабляла! Да нас яна хадзіла рэдка, і я не шкадаваў аб гэтым; у нашым доме яна ператваралася ў паненку, у княжну, — і я дзічыўся яе. Я баяўся выдаць сябе перад матуляй; яна вельмі неспрыяльна адносілася да Зінаіды і непрыхільна наглядала за намі. Бацькі я не так баяўся: ён нібы не заўважаў мяне, а з ёю гаварыў мала, але неяк асабліва разумна і значна. Я перастаў працаваць, чытаць — я нават перастаў гуляць па аколіцах, ездзіць конна. Як прывязаны за ножку жук, я кружыўся заўсёды вакол любімага флігелька; здавалася, застаўся-б там назаўсёды… але гэта было немагчыма, матуля бурчэла на мяне, іншы раз сама Зінаіда мяне праганяла. Тады я замыкаўся ў сябе ў пакоі або ішоў на самы канец саду, узлазіў на ўцалелыя руіны высокай каменнай аранжарэі, звесіўшы ногі са сцяны, што выходзіла на дарогу, гадзінамі сядзеў і глядзеў, глядзеў, нічога не бачачы. Каля мяне — па запыленай крапіве ляніва пераляталі белыя матылькі; бойкі верабей садзіўся недалёка на поўразбітай, чырвонай цагліне — і раздражняльна чырыкаў, бесперапынна паварачваючыся ўсім целам і распусціўшы хвосцік; усё яшчэ недаверлівыя вароны зрэдку каркалі, седзячы высока, высока, на аголенай вяршыні бярозы — сонца і вецер ціха гулялі ў яе рэдзенькіх галінках; гул званоў Данскога манастыра прылятаў час-ад-часу, спакойны і нудны, — а я сядзеў, глядзеў, слухаў — і напаўняўся ўвесь нейкім безымянным адчуваннем, у якім было ўсё: і смутак, і радасць, і прадчуванне будучага, і жаданне, і страх жыцця. Але я тады нічога гэтага не разумеў і нічога-б не змог назваць з усяго таго, што ва мне брадзіла, — або назваў-бы гэта ўсё адным імем — імем Зінаіды.

А Зінаіда ўсё гуляла са мною, як кот з мышшу. Яна то какетнічала са мною — і я хваляваўся і таяў — то яна раптам мяне адштурхвала — і я не асмельваўся наблізіцца да яе, не асмельваўся зірнуць на яе.

Памятаецца, яна некалькі дзён падрад была вельмі халоднай да мяне: я зусім спалохаўся — і, баязліва забягаючы