Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

толькі на небе бесперапынна ўспыхвалі няяркія, доўгія, нібы разгаліненыя маланкі: яны не столькі ўспыхвалі, колькі трапяталі і падзёргваліся, як крыло паміраючай птушкі. Я ўстаў, падышоў да акна і прастаяў там да раніцы… Маланкі не спыняліся ні на адзін момант; была, як кажуць у народзе, вераб’іная ноч. Я глядзеў на нямое пясчанае поле, на цёмную масу Няскучнага сада, на жаўтаватыя фасады далёкіх будынкаў, якія таксама нібы ўздрыгвалі пры кожнай слабай успышцы… Я глядзеў — і не мог адарвацца: гэтыя нямыя маланкі — гэтыя стрыманыя блісканні, здавалася, адпавядалі тым нямым і таемным парывам, якія ўспыхвалі таксама ў мне. Пачало днець; пунсовымі плямамі выступаў досвітак. З набліжэннем сонца ўсё бляднелі і скарачаліся маланкі; яны ўздрыгвалі ўсё радзей і радзей, і нарэшце зніклі, затопленыя ацвярожваючым і бясспрэчным святлом узнікаўшага дня.

І ў мне зніклі мае маланкі. Я адчуў вялікую стомленасць і цішыню… Але вобраз Зінаіды прадаўжаў насіцца, радуючыся, над маёй душой. Толькі ён сам, гэты вобраз, здаваўся супакоеным: як паляцеўшы лебедзь — ад балотнай травы, аддзяліўся ён ад акружаўшых яго іншых непрыстойных фігур, і я, засынаючы, у апошні раз прыгарнуўся да яго з развітальным і даверлівым абажаннем…

О, ціхія пачуцці, мяккія гукі, дабрата і заціханне расчуленай душы, таючая радасць першых уміленняў кахання, — дзе вы, дзе вы?

VIII

У наступную раціцу, калі я прышоў піць чай, матуля палаяла мяне — менш аднак, чым я чакаў, — і прымусіла мяне расказаць, як я правёў мінулы вечар. Я ёй адказваў коратка, апускаючы многія падрабязнасці і стараючыся надаць усяму самы нявінны выгляд.

— Усё такі яны людзі не comme il faut — заўважыла матуля, — і табе няма чаго да іх цягацца, замест таго, каб рыхтавацца да экзамену ды вучыцца.

Я ведаў, што клопаты матулі аб маіх занятках абмяжуюцца гэтымі нямногімі словамі і таму палічыў за лепшае не пярэчыць ёй: але пасля чаю бацька ўзяў мяне пад руку — і, адправіўшыся разам са мною ў сад, прымусіў мяне расказаць усё, што я бачыў у Засекіных.

Дзіўны ўплыў меў на мяне бацька — і дзіўныя былі нашы адносіны. Ён амаль не займаўся маім выхаваннем, але ніколі