Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гім абліччы. Доўга пасля рука мая адчувала дакрананне яе далікатнага стану, доўга чулася мне яе паскоранае, блізкае дыханне, доўга мярэшчыліся мне цёмныя, нерухомыя, амаль заплюшчаныя вочы на белым, але ажыўленым твары, рэзка абвеяным кудрамі.

Х

Увесь гэты дзень прайшоў, як не трэба лепш. Мы весяліліся, як дзеці. Ася была надта мілая і простая, Гагін радаваўся, гледзячы на яе. Я пайшоў ад іх позна. Уз’ехаўшы на сярэдзіну Рэйна, я папрасіў перавозчыка пусціць лодку ўніз па цячэнню. Стары падняў вёслы — і царственая рака панесла нас. Гледзячы навакол, слухаючы, успамінаючы, я раптам адчуў таемную трывогу на сэрцы… падняў вочы да неба — але і ў небе не было спакою: усеянае зоркамі, яно ўсё варушылася, рухалася, дрыжэла; я схіліўся да ракі… але і там, і ў гэтай цёмнай, халоднай глыбіні таксама калыхаліся, дрыжэлі зоркі; трывожнае ажыўленне мне здавалася ўсюды — і трывога павялічвалася ў мне самім. Я абаперся на край лодкі… Шэпт ветру ў маіх вушах, ціхае бульканне вады за кармой мяне раздражнялі, і свежае дыханне хвалі не супакойвала мяне; салавей пачаў спяваць на беразе, і заразіў мяне салодкім ядам сваіх гукаў. Слёзы закіпалі ў мяне на вачах, але гэта не былі слёзы беспрадметнага захаплення. Што я адчуваў, было не тое смутнае, яшчэ нядаўна зазнанае адчуванне ўсеабдымных жаданняў, калі душа шырыцца, гучыць, калі ёй здаецца, што яна ўсё разумее і ўсё любіць… Не! у мне запалілася прага шчасця. Я яшчэ не асмельваўся назваць яго па імю, — але шчасця, шчасця да перасычэння — вось чаго хацеў я, вось аб чым пакутваў… А лодка ўсё плыла, і стары перавозчык сядзеў і драмаў, нахіліўшыся над вёсламі.

ХІ

Адпраўляючыся ў наступны дзень да Гагіных, я не пытаўся ў сябе, ці закаханы я ў Асю, але я многа думаў аб ёй; яе лёс мяне цікавіў, я радаваўся нечакачаму нашаму збліжэнню. Я адчуваў, што толькі з учарайшага дня я пазнаў яе; да гэтага часу яна адварочвалася ад мяне. І вось, калі яна раскрылася, нарэшце, перада мною, якім дзівосным святлом асвяціўся яе вобраз, які ён быў новы для мяне, якія таемныя чароўнасці сарамліва ў ім свяціліся…