Старонка:Востраў скарбаў.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Сэр, — сказаў я, — я баяўся не за сябе, а за вас. Капітан цяпер не такі, як заўсёды. Ён сядзіць з аголенай шабляй. Адзін джэнтльмен ужо прыходзіў да яго і…

— Жвава, марш! — перапыніў ён мяне.

Ніколі я яшчэ не чуў такога лютага, халоднага і паганага голаса. Гэты голас напалохаў мяне мацней, чым боль. Я зразумеў, што павінен падначаліцца, і павёў яго ў агульны пакой, дзе сядзеў наш хворы пірат, адурманены ромам. Сляпы ўчапіўся за мяне жалезнымі пальцамі. Ён націскаў на мяне ўсім сваім цяжарам, я ледзь трымаўся на нагах…

— Вядзі мяне проста да яго і, калі ён мяне ўбачыць, крыкні: „Вось ваш друг, Білі“. Калі ты не крыкнеш, я вось што зраблю.

І ён так сціснуў маю руку, што я ледзь не страціў прытомнасць. Я так баяўся сляпога жабрака, што забыў мой жах перад капітанам, і, адчыніўшы дзверы агульнага пакоя, дрыготлівым голасам пракрычаў тыя словы, якія сляпы загадаў мне пракрычаць.

Бедны капітан узняў вочы ўверх і адразу працвярозіўся. Яго твар паказваў не спалох, а праўдзівей смяротную муку. Ён паспрабаваў устаць, але ў яго, відаць, нехапала сілы.

— Нічога, Білі, сядзі дзе сядзіш, — сказаў жабрак. — Я не магу цябе бачыць, але я чую як дрыжаць твае пальцы. Справа ёсць справа. Выцягні сваю правую руку. Хлопчык, вазьмі яго правую руку і паднясі да маёй правай рукі.

Мы абодва паслухалі яго. І я ўбачыў, як ён пералажыў нешта з сваёй рукі, у якой трымаў палку, на далонь капітана, якая адразу сціснулася ў кулак.

— Справа зроблена, — сказаў сляпы.

Пры гэтых словах ён выпусціў сваю руку і са спрытнасцю, неўласцівай для калекі, выскачыў з агульнага пакоя на дарогу. Я ўсё яшчэ стаяў нерухома і прыслухоўваўся, як аддаляўся стук яго палкі.

Прайшло шмат часу, пакуль мы з капітанам апамяталіся. Тут толькі я заўважыў, што ўсё яшчэ трымаю яго за руку. Раптам ён вырваў руку і глянуў на далонь.

— У дзесяць гадзін! — усклікнуў ён. — Асталося шэсць гадзін. Яшчэ ёсць час.