Яны вышлі на яркае вясёлае сонца, і адразу-ж трэба было гаварыць гучней за грукат калёсаў па бруку.
— Становішча, як бачыце, дзіўнае, — працягваў старшыня, падвышаючы голас: — яе, гэту Маславу, чакала адно з двух: або амаль апраўданне, турэмнае зняволенне, у якое магло быць улічана і тое, што яна ўжо сядзела, нават толькі арышт, або катарга — сярэдзіны няма. Калі-б вы дадалі словы: „але без намеру забойства“, дык яе-б апраўдалі.
— Я невыбачна прапусціў гэта, — сказаў Нехлюдаў.
— Вось у гэтым уся справа, — усміхаючыся, сказаў старшыня, гледзячы на гадзіннік.
Асталося толькі 45 мінут да апошняга, прызначанага Кларай, тэрміну.
— Цяпер, калі хочаце, звярніцеся да адваката. Трэба знайсці прычыну для касацыі. Гэта заўсёды можна знайсці. На Дваранскую, — адказаў ён рамізніку, — З0 капеек, ніколі больш не плачу.
— Ваша яснавяльможнасць, калі ласка.
— Маё шанаванне. Калі магу чым служыць, дом Дворнікава, па Дваранскай, лёгка запомніць.
І ён, ласкава пакланіўшыся, паехаў.
XXV
Размова з старшынёй і чыстае паветра крыху супакоілі Нехлюдава. Ён падумаў цяпер, што пачуццё, якое непакоіла яго, было ім пераўвялічана з той прычыны, што ўся раніца прайшла ў гэткіх нязвычных умовах.
„Зразумела, дзіўнае і надзвычайнае супаданне! І неабходна зрабіць усё магчымае, каб аблягчыць яе лёс, і зрабіць гэта хутчэй. Зараз-жа. Трэба тут, у судзе, даведацца, дзе жыве Фанарын або Мікішын“. Ён успомніў двух вядомых адвакатаў.
Нехлюдаў вярнуўся ў суд, зняў паліто і пайшоў наверх. У першым-жа калідоры ён сустрэў Фанарына. Ён спыніў яго і сказаў, што мае да яго справу. Фанарын ведаў яго ў твар і па імю і сказаў, што вельмі рады зрабіць усё прыемнае.