Смелькова, і ўкраў у яго грашыма каля 2500 рублёў і дыяментавы пярсцёнак.
2) Ці вінавата ў злачынстве, апісаным у першым пытанні, мяшчанка Еўфімія Іванава Бачкова, 48 год?
3) Ці вінавата ў злачынстве, апісаным у першым пытанні, мяшчанка Кацярына Міхайлава Маслава, 27 год?
4) Калі падсудная Еўфімія Бачкова не вінавата па першаму пытанню, дык ці вінавата яна ў тым, што 17 студзеня 188* года ў горадзе N, знаходзячыся ў якасці прыслугі пры гасцініцы „Маўрытанія“, патаемна ўкрала з замкнёнага чамадана пастаяльца той гасцініцы купца Смелькова, які знаходзіўся ў яго нумары, 2500 рублёў грошай, для чаго адамкнула чамадан на месцы ключам, які яна прынесла і падабрала?
Старшыня прачытаў першае пытанне.
— Ну, як, панове?
На гэта пытанне адказалі вельмі хутка. Усе згадзіліся адказаць: „так, вінаваты“, прызнаць яго ўдзельнікам і атручэння і пакражы. Не згадзіўся прызнаць вінаватым Карцінкіна толькі адзін стары арцельшчык, які на ўсе пытанні адказваў у сэнсе апраўдання.
Старшыня думаў, што ён не разумее, і растлумачыў яму, што з усяго відаць, што Карцінкін і Бачкова вінаваты, але арцельшчык адказаў, што ён разумее, але ўсё-ж лепш пашкадаваць. „Мы і самі не святыя“, — сказаў ён і гэтак і астаўся пры сваёй думцы.
На другое пытанне аб Бачковай, пасля доўгіх меркаванняў і тлумачэнняў, адказалі: „не вінавата“, бо не было відавочных доказаў яе ўдзелу ў атручэнні, на што асабліва націскаў яе адвакат.
Купец, жадаючы апраўдаць Маславу, настойваў на тым, што Бачкова — галоўная пачынальніца ўсяго. Шмат хто з прысяжных згадзіўся з ім, але старшыня, жадаючы быць сурова законным, гаварыў, што няма падстаў прызнаць яе ўдзельніцай у атручэнні. Пасля доўгіх спрэчак думка старшыні перамагла.
На чацвертае пытанне таксама пра Бачкову адказалі: „але, вінавата“, і па настойліваму патрабаванню арцель-