Перайсці да зместу

Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XV

На ўсё жыццё потым гэта заутраня асталася для Нехлюдава адным з самых светлых і моцных успамінаў. Калі ён у чорнай цемрадзі, дзе-ні-дзе толькі асветленай белаватым снегам, хлюпаючы па вадзе, уехаў на жарабцы, які пачаў варушыць вушамі, убачыўшы запаленыя вакол царквы плошкі, на царкоўны двор, заутраня пачалася.

Мужыкі, пазнаўшы пляменніка Мар‘і Іванаўны, праводзілі яго на сухое, дзе злезці, узялі прывязаць яго каня і правялі ў царкву. У царкве было поўна святочнага народу.

З правага боку — мужыкі: старыя ў саматканых світках і лапцях і чыстых белых анучах і маладыя ў новых суконных світках, падпяразаныя яркімі паясамі, у ботах. Злева — бабы ў чырвоных шаўковых хустках, плісавых паддзёўках, з яркачырвонымі рукавамі і сінімі, зялёнымі, чырвонымі, пярэстымі спадніцамі, у чаравіках з падкоўкамі. Сціплыя бабулькі ў белых хустках і шэрых світках, і ў старажытных панёвах і ў чаравіках або новых лапцях стаялі ззаду іх; паміж тымі і гэтымі стаялі прыбраныя з маслянымі галовамі дзеці. Мужыкі хрысціліся і кланяліся, устрасаючы валасамі; жанчыны, асабліва бабулькі, утаропіўшы вочы ў адзін абраз са свечкамі, моцна прыціскалі складзеныя пальцы да хусткі на ілбе, да плячэй і жывата і, шэпчучы нешта, перагіналіся стоячы або падалі на калені. Дзеці, пераймаючы ў дарослых, старанна маліліся, калі на іх глядзелі. Залаты іканастас гарэў свечкамі, якія акружалі з усіх бакоў абвітыя золатам вялікія свечкі. Панікадзіла было абстаўлена свечкамі, з клірасаў даносіліся вясёлыя напевы добраахвотнікаў-пеўчых з зычнымі басамі і тонкімі дыскантамі хлопчыкаў.

Нехлюдаў прайшоў уперад. Пасярэдзіне стаяла арыстакратыя: памешчык з жонкай і сынам у матроскай куртачцы, станавы, тэлеграфіст, купец у ботах з буракамі, старшыня з медалем і направа ад амвона, за памешчыцай, Матруна Паўлаўна ў пераліўным ліловым плацці і белай з каймой шалі і Кацюша ў белым плацці са зборачкамі на ліфіку, з блакітным поясам і чырвоным банцікам на чорнай галаве.