Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/335

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не гледзячы на ўсю агіднасць, якую адчуваў цяпер Нехлюдаў да Маславай, ён усё-такі лічыў патрэбным выказаць ёй спачуванне аб сенацкай адмове.

— Вы не губляйце надзеі, — сказаў ён, — прашэнне на высачайшае імя можа мець поспех, і я думаю, што…

— Ды я не аб гэтым… — сказала яна, жаласліва мокрымі і касаватымі вачыма гледзячы на яго.

— А што-ж?

— Вы былі ў больніцы, і вам, напэўна, сказалі пра мяне.

— Дык што-ж, гэта ваша справа, нахмурыўшыся, халодна сказаў Нехлюдаў.

Сунятае было жорсткае пачуццё зняважанага гонару ўзнялося ў ім з новай сілай, як толькі яна ўпамянула аб больніцы. „Ён, чалавек свету, за якога шчасцем палічыла-б выйсці ўсякая дзяўчына вышэйшага кола, прапанаваў сябе мужам гэтай жанчыне, і яна не магла пачакаць і пачала круціць любоў з фельчарам“, — думаў ён, з нянавісцю гледзячы на яе.

— Вы вось падпішыце прашэнне, — сказаў ён і, дастаўшы з кішэні вялікі канверт, паклаў яго на стол. Яна абцерла слёзы канцом хусцінкі і села за стол, пытаючыся, дзе і што пісаць.

Ён паказаў ёй, што і дзе пісаць, і яна села за стол, апраўляючы левай рукой рукаў правай; ён-жа стаяў над ёю і моўчкі глядзеў на яе схіленую над сталом спіну, якая зрэдку ўздрыгвалася ад стрыманых рыданняў, і ў душы яго змагаліся два пачуцці — зла і дабра: зняважанага гонару і жаласці да яе, пакутуючай, і апошняе пачуццё перамагло.

Што было раней, — ці ён сэрцам пашкадаваў яе або раней успомніў сябе, свае грахі, сваю брыдкасць іменна ў тым, у чым ён папікаў яе, — ён не памятае. Але раптам адначасова ён адчуў сябе вінаватым і пашкадаваў яе. Падпісаўшы прашэнне і абцёршы запэцканы палец аб спадніцу, яна ўстала і зірнула на яго.

— Што ні атрымаецца, што ні будзе, нішто не зменіць майго рашэння, — сказаў Нехлюдаў.

Думка аб тым, што ён даруе ёй, узмацняла ў ім пачуццё жаласлівасці і пяшчотнасці да яе, і яму хацелася заспакоіць яе.