— А як яна робіцца, гэтая вайна?
Альфрэд робіць сур‘ёзную міну:
— Б‘юцца людзі, страляюць, забіваюць адзін-аднаго… (Сьмелыя — перамагаюць, а баязьлівыя — гінуць.
А сам успамінае:
… Ён — маленькі вучань… Лекцыя… Настаўнік нешта тлумачыць пра пабеды слаўнага нямецкага войска, пра Сэдан…
… На сьцяне — карціны, портрэты, малюнкі… Вось — слаўны Бісмарк… Вось — Мольтке… Вось — Фрыдрых Вялікі наўперадзе свайго войска кружыць па полі на белым узмыленым стаеньніку… А салдаты — у бліскучых шытых золатам мундзерах…
■
Нядзеля. Альфрэд і Грэтхэн у касьцёле. На лаўках — публіка. Хто? — Ды ўсе: і рабочыя, і міністры, і гандляры, і прадаўцы з бакалейнае крамы, і сутэнэры, і банкіры, і вайсковыя, і дактары, і агульнадаступныя дзяўчыны, —
Пан пастар гаворыць казаньне:
— Слухайцеся ўлады, ад бога пастаўленае!..
— Любеце слаўную нашу бацькаўшчыну!..
— Шануйце добрага нашага кайзэра…
І яны слухаюць, любяць, шануюць, — усе гэтыя: рабочыя і міністры, салдаты і банкіры, дактары і сутэнэры, афіцэры і агульнадаступныя жанчыны…