Старонка:Бярозка (1912).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Татачка, не чэпай! Не чэпай родненькі мой! прасіла Марыся, — баліць… баліць…

Але Лявон, нічога не кажучы, ізноў стукнуў абухом па дрэве; рэха не адазвалося — стук быў глухі, як бы гэта не па дрэве, а па зямлі стукаў… Марыська стаяла водаль, заламаўшы рукі, і глядзела, бытцым на нешта вельмі страшнае, толькі з вачэй яе сыпаліся адна за аднэй сьлезінкі, як сыпаліся пажоўкшые лісточкі з здрагануўшэйся пад абухом, бярэзіны… Лявон нагнуўся, абчэсаў каля пня кару і, адагнуўшыся, са ўсяго маху запусьціў сякеру у бярозу і, павярнуўшы тапарышчэ на бок, атшчаціў вялікую трэску. Дрэва заскрыпело, запішчэло, бытцым стало жаліцца, як тое дзіця, а с пад Лявонавай сякеры шчэпкі ляцелі і ляцелі… Але ня доўга яму прыйшлося працаваць: нагнуўся Лявон, глянуў на падсечэнае мейсцэ, ткнуў туды тапарышчэм і, адагнуўшыся, глыбока, глыбока ўздыхнуў…

— Марыська, дзіцятка маё,—дрыжачым голасам пачаў Лявон,—бачыш? Гэта-ж тут усяго на палец абалоні! А там — там парахня, адна парахня! А ведаеш чаму, гаротніца ты мая? Ведаеш? Гэтаж твой боль, гэта ж твой жаль спарахнілі гэту бярозку, — бо ты доляй сваей жалілася ей. Дрэво і то спужалося такой долі. Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ей было што раз цяжэй, а ты, маё гаротнае дзіця, успомні, ты тады мела хвіліны, подобные да шчасьця…

І Лявон, узяўшы рукамі галоўку сваей пацехі, моцна прыціснуў да сябе, а Марыська, тулючыся да бацькавых грудзей, прашэптала:

— Татачка, а чаму паміж людзей я не знайшла каму пажаліцца?

Лявон маўчаў.