Гэта старонка не была вычытаная
Як удзень, уночы сьветла —
Гэтак цёпла, гэтак ветла,
Варна, нібы сярод лета.
Што за дзіўная прымета?
Панскі дом блішчыць, як жар, —
Гэта бухае пажар…
Асталіся на узгорку
Толькі печ і падмуроўка.
Рэшта нейкім дзіўным чынам
Спапялілася лучынай.
Згінуў сам і пан благі
У тым пажарышчы-агні.
А назаўтрае па вёсках
Пайшла чутка-пагалоска.
Нібы стараста з дачкою
Ўночы панскія пакоі
Падпалілі, уцяклі,
Бо нідзе іх не знайшлі.
Вельмі скора, вельмі хутка
Гэта спраўдзілася чутка,
Як агонь пайшоў гуляці
Над суседнім над палацам,
Як маёнткі паміж сёл
Пагарэлі ўсе вакол.
Доўга помнілі сяляне
Той палац, сьляпога пана,
Яго жудасныя балі.
І паны не забывалі
Цэлай панскай грамадой
Дзеда-старасту з дачкой.
Менск, 1918—1922 г.
|}