Апраніся ў сьвяточную сьвітку,
Кінь у тхлань паднявольніцу — спадчыну,
Адгані думкі цьмы — недабіткі
З кроснаў матчыных!
Панскі біч ня гудзе над плячыма,
У палацах загібла сваволія.
Сустракай-жа вясёла вачыма
Комсамолію!
Комсамол мкнецца ў вёскі і сёлы,
Нібы вырай на вашыя гонейкі,
У цемру кідае сьмела, вясёла
Яснасонейка.
Ён з мазольнай рукою к вам рвецца,
Ён — тварэц новых дзён, шчасьця новага —
Адрывае пагніўшыя вецьці
У дуброве ён.
Маладняк наражае багата,
Ўвесь пранізаны творчаю працаю;
Чыніць новыя сьветлыя сьвяты
У новай хаце ён.
Комсамолься, сяліба ратая,
Заіскрыся чырвонай частушкаю.
Хай жняя твая песьню сьпявае
Вольнай птушкаю.
Выкінь вон гультаёў — багамолаў,
Што туманілі думкі званіцамі.
Парабі ўсе капліцы на школы,
Каб вучыцца ў іх.
|