Ой, хто гэта ідзе
У вопратках чырвоных
З адвагаю ў грудзях,
З сякераю ў руках?
Кіпіць у жылах кроў.
Агні ў вачох бяздонных.
Усюль наводзіць сьмерць,
Усюль наводзіць страх.
Ой, хто ляціць шыбчэй
Вятроў, віхроў, грымотаў,
Бы шугануў сыр-бор,
Бы страшны помсты бог?
Пальлецца кроў ракой,
Пальлецца кроў ў ахвоту:
Асілак сьпешна йдзець,
Ён гулка дзьмець у рог.
Дрыжы, магнат-сатрап!
То раб разьбіў кайданы,
Пусьціўся ён у сьвет
Да сонца і да зор.
Ён спаліць, як агнём,
І зьдзекі і абманы;
Застогне ўся зямля,
Застогне ўвесь прастор.
|