Хочучы азнаёміць нашае грамадзянства, а асабліва моладзь, закінутую сваёю доляю на чужыну і адарваную, дзякуючы гістарычным абставінам, ад родных хат, лясоў і поля, але ўсёю душою адданую свайму роднаму краю і народу, з тым абразом, які павінен быць ёй найдаражэйшым і найхарашэйшым, з абразом, які выяўляе сабою усё, што толькі можа быць мілым у сваёй Бацькаўшчыне, мы пачалі на страніцах Кіеўскае газэты „Беларускае Эхо“ друкаваць свой студыум беларускае новае літэратуры.
Гэты студыум і ёсьць той абраз, які, складаючыся з рознакалёрных і рознатонных асколкаў новае беларускае паэзіі, паэзіі першых беларускіх народных песьняроў, можна назваць, „Беларусьсю ў песьнях“, бо толькі песьняю можа звацца глыбокая думка з праўдзіва музычным тонам, вылажаная словамі на страніцах роднае пісьменнасьці. Ведама, німагчымасьць мець у той мамэнт пад рукамі ўсе патрэбныя матар‘ялы, — хварбы, з якіх укладаецца той ці іншы абраз, прыдавала таму абразу моʻ пэўную аднабокасьць, але ўсё-ж, хоць агульныя рысы роднага абразу павінны былі закінуць у сэрцы тых людзей, сыноў уваскрасаючага і адраджаючагося народу, сыньнюю любоў і прывязанасьць да свае, моʻ забытае нейкі час Маткі-Беларусі.
На жаль артыкул друкам дакончыць не ўдалося. Цяпер, карыстаючы з магчымасьці выпусьціць яго друкам у асобнай кніжцы, мы, перагледзіўшы і паправіўшы ўвесь матарʻял, згладзіўшы тую аднабокасьць і дапоўніўшы новымі аддзеламі — этапамі аж