Гэта старонка не была вычытаная
І беламу каню надломаны капыты,
Упаў ён на зямлю… Хістаецца яздок…
Лясы і шыр палёў ваякамі пакрыты,
Што шлях кладуць ад Воршы ў Беласток.
Надходзіць час… Заход струхнелы ляжа
Пад капытом чырвонага каня…
Па ўсёй зямлі узор з бліскучай пражы
Ткаць будзе раніца надходзячага дня.
Пакуль жа бой ідзе: тут праца, там багацьце,
Ты, Беларусь, плывеш праз Рубікон…
Дык мусіш ты, лапцюжная, змагацца,
Законы каб пісаць уласнаю рукой.
Ты мусіш праганяць мінулы цень няволі
З зямлі сваёй, дзе пазбыліся пут…
Ня будзе целам той павызвален ніколі,
Хто марыць дух мінулых дзён атрутай.
Змаганьне — барацьба, адвага і рашучасьць
І духам вольная, нібы поэты верш…
Ты, Беларусь, нізіны пройдзеш, кручы
І вір жыцьця свайго — пераплывеш.