Перайсці да зместу

Старонка:Беларусь лапцюжная (1927).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А змрок чуць прыляжа ў даліне
Ды бор пачарнее кудлаты,
За плечмі з калыскай і сынам
Са сьпевам дыбае да хаты.

— Ой, ў бары, бары
Тры дарожанькі,
Цяпер не баляць
Мае ножанькі.

— Ой, ў бары, бары
Горы-кручанькі,
Цяпер не баляць
Мае ручанькі.

Дыбае іржэўнікам росным;
Сын сьпіць у калысцы на сене…
На небе шлях млечны, як кросны
У срэбныя кветкі-дасэні…

А вецер снапы ня кудлачыць,
Цалуе іх лёгкім павевам;
Сынок за плячыма ня плача —
Матуліны слухае сьпевы…