Шмат глядзельнікаў не разумела мовы, на якой была напісана п'еса, а сачыла за ходам дзеі па пісаным або друкаваным праграмам, раздаваўшымся публіцы. Каб даць магчымасьць публіцы, зморанай нуднай школьнай драмай, крыху пасьмяяцца і адпачыць душой, а з другога боку, каб даць час айцам дэкаратарам, якія, падкасаўшы свае сутаны, ў поце чала разам з сваімі выхаванцамі перастаўлялі дэкарацыі і прыгатаўлялі замыславаты рэквізіт для чарговага акту, - між актамі п'есы ставіліся інтэрмэдыі.
Інтэрмэдыі - гэта невялічкія жывыя сцэнкі, якія маюць у гісторыі школьнай драмы вельмі важнае значэньне. Зьмест гэтых вясёлых сцэн браўся са сьмяхотных гісторый, розных фатэцый, народных анэкдотаў і наагул з народнага быту. Тут дзеячымі асобамі былі ўжо не багі, не каралі, не сьвятыя і не антычныя героі, а - сяляне, цыганы, жыды, жаўнеры ды іншыя прадстаўнікі гарадзкога або вясковага пралетарыяту. Інтэрмэдыі рана зьяўляюцца неабходным дадаткам да школьнай драмы. У Нямеччыне ўжо ў пачатку XVI сталецьця сьмяхотныя сцэнкі на нямецкай мове ўстаўляліся ў лацінскі тэкст школь-