ня можа быць у такіх прадметаў (вобразных, з пэўнаю формаю), як стол, сук, пень.
Такім парадкам, канчатак У (ю) азначае родны склон часьці ад неазначальнага цэлага: няма — сьнегу, дыму, туману, попелу, пяску, агню, ветру, суму, клопату, запалу, поступу, рынку, грому, лому, факту і шмат іншых.
Часам адзін і той-жа йменьнік вытварае родны склон то з канчаткам А (я), то з У (ю), у залежнасьці ад таго, што ён абазначае. Калі абазначае асобны прадмет з пэўнаю формаю, то ў родным склоне будзе канчатак А (я), а калі гэтым-жа йменьнікам абазначаецца нешта зборнае, бясформенае, то будзе У (ю), напр.: няма каменя (асобнага прадмета)—няма каменю (каменьняў, масы); ня бачыў гада, зьвера—там зьверу шмат і ўсялякага гаду; няма ліста—назьбіралі лісту, няма папера (дакумэнта, напр.)—не хапіла паперу.
2) У назовах устаноў чужаземнага пахаджэньня ў родным склоне таксама пішацца У (ю), напр.; народнага камісарыяту, вакол парлямэнту, да інстытуту і т. далей.
3) У некаторых словах (іх вельмі мала) у родным склоне канчатак У—А, ўжываецца аднолькава, з роўным значэньнем, напр.: з мосту—з моста, аўса—аўсу, чацьвярга—чацьвяргу, дня—дню, плоту—плота.
Але ў формах „сеў каля столу—стаў каля стала“ ёсьць розьніца ў значэньні: у першым выпадку абазначаецца месца агулам, а ў другім — навочны прадмет — стол.
4) У родным склоне множн. ліку ўсе йменьнікі мужчынск. роду звычайна маюць канчатак пад націскам ОЎ (ёў): братоў, пнёў, а не пад націскам — АЎ (яў): народаў, локцяў.
Чыстую аснову (без канчатка) у родным склоне множн. ліку маюць іменьнікі з устаўкаю ан—ян: мяшчан, сялян (ад „мяшчане, сяляне“), слова „дзён“ (ад „дзень“) і часам пры лічэбніках: сто раз, пяць раз, шэсьць год (замест „разоў, гадоў“), пяць чалавек, бяз рог і інш.
Канчатак ей (не пад націскам яй—ай) у родным склоне множн. ліку мужч. роду маюць толькі тры словы: госьць—гасьцей, конь—коняй, грош—грошай, як людзей, а часам — лапцей (Вышлі на поле жнеі з сярпамі ў лапцях лазовых, а хто без лапцей. Я. Кол.).