Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Над палямі змрок прарваўся, па нізе расплыўся. Міма хмурынка прашла. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Уецца павуціна. Стагі на лузе вежамі жаўцеюць. Роўненькім шнурочкам жураўлі на вырай ляцяць над лясочкам. Салавей у гаі сьвістаў.
Правіла 5. Калі гукі у, і стаяць асобна ці на пачатку слова, то бываюць то складовыя, то нескладовыя:
1) Ў (нескладовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны гук. Напрыклад: Пусты ўлетку нашы сёлы. Было ў бацькі тры сыны.
2) У (складовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на зычны гук, або калі перад у стаіць які-небудзь знак прыпынку, а таксама на пачатку пісьма (Над ракой туман узьняўся. Чуцен сьвіст у полі. Усюды зелена, усё расьце, усё наліваецца).
- Увага. У вершах дзеля разьмеру можа быць ў заместа у — і наадварот. Напрыклад:
Чыстых хмарак валаконцы
Сталі у кружочак
Вышай лесу, проці сонца
І сплялі вяночак.
(Я. Колас).
Пачатковае у ў чужых словах у нашай мове ніколі не чаргуецца з ў, напр.: унівэрсытэт, унівэрсал, узурпатар, Уран, Угоршчына і г. падб.
Ёсьць асобныя словы, якія мы ўжываем толькі з у (складовым), напр.: увага, уважны, угода, умова, урад, упадак, уціск, уклад, ухвала і некат. іншыя.
3) Гук і, стоячы асобна ці на пачатку слова, таксама пасьля галосных становіцца нескладовым, але не заўсёды (бач. § 23). Напрыклад: Прышло й лета. А хто там ідзе? Ён ідзе, яна йдзе.
Практыкаваньне 6. Работа даўно скончана. Пуста й гола ўсюды. Пачарнеў шырокі луг. Яны ўвашлі ў хату. Хмарка на неба ўзышла. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Сонейка толькі што ўзышло. Бацька й маці вярнуліся з поля. Аднаму і ў кашы няспорна.