Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рэк бурлівых, пушч гамонкіх
З неапетай славай.

Там плывуць Дняпро і Сожа
Ды Дзьвіна і Нёман;
Белавежы, Налібокаў
Там чуваці гоман.

Гарады там — Менск і Вільня,
Магілеў, Гародня
І Смаленск з сьцяной цаглянай
Разьляглі выгодна.

Усё гэта, мае дзеткі,
Ад межаў да межаў
Беларусьсю і завецца
І да нас належыць.

Янка Купала.

|}

14. Прырода гатуецца да сну.

Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Перастала грэць яснае сонейка. Не падымаецца яно высока над зямлёю. Яго косы ня сьвецяць ужо так ясна. Яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Затуманілася неба. Няма таго дню, каб сівыя хмары ня плавалі над зямлёю. Пачаліся прымаразкі. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся, і згінулі кветкі, што ўбралі поле й луг. Ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць каля вульляў пчолкі, не „таўкуць куцьці“ камары й мошкі. Птушкі адны за аднымі зьбіраюцца ў вялікую дарогу. Уся прырода пачынае заміраць.

Ужо й халодная восень прышла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар; позна ўзыйдзе, нявысока падымаецца ды зноў схаваецца. Хмары ня сходзяць з неба. У паветры ціш. Усе хаваюцца ад холаду й дажджу. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюшкі. Ня відаць харошанькіх матылькоў. Усё пахавалася. Усё пакінула нас разам з сонейкам. Толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне.