Толькі супольнасьць, толькі еднасьць палепшаць жыцьцё. Ня трэба марнаваць часу, бо вораг ня так далёка. Ён пагражае, але ня трэба лякацца яго пагрозаў. Трэба толькі ўпарта працаваць і гэтым узмацніць уладу рабочых і сялян, царства радаў.
«Гэй, супольна з песняй куйце
Сваё шчасьце, не адзів.
На губляйце, не марнуйце
Гэтых дарагіх хвілін.
Карчаваць сьпяшыце ляды
І зразаць ўсе дзерваны.
Узмацуйце царства рады
Ў нетрах вашай стараны.»
Пясьняр глыбока любіць сваю працоўную бацькаўшчыну, любіць і свайго брата-беларуса, бо ëн не эксплуататар. Глыбока спачувае ён яму, абяздоленаму, цёмнаму, забітаму непасільнай працай на пана і капіталіста. Адарваны ад родных ніў, лясоў, балотаў свайго роднага краю імпэрыялістычнаю вайною, пясьняр з далёкай чужыны сачыць за тым, што там робіцца, як ідзе там пралетарска-сялянская рэвалюцыя. І дачуўся ён, што там ужо няма «яснавяльможнага» пана, капіталіста, што там будуецца гаспадарства пралетарска-сялянскай беднаты. Шле пясьняр сваёй Савецкай краіне шчырае, радаснае прывітаньне з далёкай чужыны.
«І забілась сэрца моцна
Радасна ў мяне,
Што ачнулася старонка
Мрак дзе панаваў,
Што народ заварушыўся,
Голас свой падаў,
Што ён скінуў путы рабства
І к сьвятлу ідзе,
Гымны волі, гымны працы
Весела пяе;
Што ў руках трымае моцна
Свой чырвоны сьцяг
І рухае цьвёрдым крокам
Ён на новы шлях»
Любячы сваю працоўную Савецкую бацькаўшчыну і радуючыся яго палітычна-сацыяльнаму вызваленьню, пясьняр не замыкаецца сваімі пачуцьцямі і думкамі ў яе сьціслых межах. Ён перакананы ў тым, што толькі тады забясьпечана шчасьлівая доля пралетарыя і селяніна Беларусі, калі сацыяльная рэвалюцыя пройдзе вольным крокам па ўсіх старонах сьвету, калі ўсясьветный пралетары адваюе свае працоўныя правы. Нацыянальны настрой песьняра зьліваецца з інтэрнацыянальным настроем. Ён зьвяртаецца да сваіх пралетарскіх працоўных струнаў з прызывам, каб яны грымелі на ўвесь сьвет, склікаючы на вялікую барацьбу ўсясьветных рабочых.
«Грыміце-ж, як буры, пяруны,
На ўвесь сьвет, працоўныя струны!
Ўсясьветных рабочых слікайце
І сьвет з ланцугоў вызваляйце!»
Сваю моц пясьняр знаходзіць не ў індывідуальным настрою. Яго моц у тым, што ён ёсьць прадстаўнік вялікага «мы», вялікай працоўнай клясы. Яго ліра сьпявае аб гэтым «мы», і затым яна так голасна і моцна сьпявае. Прышла да творчасьці новая кляса, кляса працоўнай беднаты. Гэта яна сьпявае ліраю свайго песьняра. Прышла яна з чырвонай далі, пакрытая пылам, потам і крывёю. Яна ўтварыла ўсе фабрыкі і заводы, білася спрадвеку за сваë вызваленьне, загартавала сваю моц у барацьбе з вялікай бурай і зараз ніхто і нішто ня ўстрымае яе руху. Клясавая «мы» складае моцны бязьлікі хаўрус, вялікую камуну работнікаў і кліча ўсіх на барацьбу.