Старонка:Беларуская граматыка для школ (1920).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

§ 50. Дробныя чыслы, зложаныя з поў—паўтара (муж. і ніякі р.), паўтары (ж. р.), паўтрацьця, паўтрацьці не зьмяняюцца.

§ 51. Трэба ве́даць, што абодва ўжываецца для азначэньня толькі муж. і ніяк. р. (абодва браты, абодва вакны); абедзьве́ — толькі жаноцк. р. (абе́дзьве сястры, абе́дзьве сахі); абое — калі рады памяшаны (абое — рабое; кабыла лысая, жарабя рабое, зье́ў воўк абое).

§ 52. Задачка. 1. Напішы словамі: 1.289, 3.478, 11.696, 953, 12,418; 1724-ы (тысяча семсот дваццаць чацьве́рты) 15.919-ы, 837-ы, 959-ы.

2. Праскланяй: адна саха, два валы, дзьве́ дошкі, трое сане́й, дзе́вяць братоў, сто дваццаць восем грыбоў.



Займя.

§ 53. Займя ўжываецца заме́ста імя, прыме́ты або чысла (за-імя). Напрыклад:

Хадзіў ці доўга ён ці мала,
Ды толькі не́шта адзін раз
Бяда ў бары яго спаткала…
Во як казаў нам сам Тарас.

(Тутака ён, яго, сам заме́ста Тарас, Тараса).

Заме́ста „добры, бе́лы, малы“, можам сказаць „такі, той“; заме́ста „пяты, дзесяты“ — „той, гэны“ і г. д.

§ 54. Вось часьце́й ужываныя займе́ньні:

1. Асабовыя: я, ты, ён, яна, яно; мы, вы, яны.

2. Зваротныя: сябе́ і ся (мыю-ся).

3. Прынале́жныя: мой, твой, свой, нашы, вашы, іхны і інш.

4. Паказальныя: гэты, гэны, той, такі, гэткі і інш.

5. Пытальныя: хто? што? які? каторы? чый? і інш.

6. Адносныя: тыя самыя, што пытальныя, але бяз пытаньня.

7. Азначальныя: уве́сь, усякі, усялякі, кожны, сам, самы.

8. Неазначальныя: не́хта, не́шта, не́які і не́йкі, не́чый, хтось, штось, хтосьці, не́якісь, чыйсь і інш.