Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вянскую мову. Па словах князя Курбскага, Арцём быў згодзен „с потщанием в старости моей, аще бы и пешему случиломися препоясався уйти из Слуцка и в месте", згодна з паказаньнем самога Курбскага, „пособляти в преводе, и склоплюче на славянский”. У прыдворным гуртку князя Слуцкага не адхіляліся ад лацінскае і грэцкае моў, але, з свайго боку, надавалі вялізнае значэньне славянскай мове. Марка, вучань Арцёма, быў, відаць, знаўцам славянскае мовы настолькі, што яму можна было даручыць такую адказную і цяжкую справу, як пераклад царкоўна-навучальных кніг на славянскую мову. Адсутнасьць знаўцаў прымусіла князя Курбскага зьвярнуцца да Маркі за дапамогай і, у выпадку пераезду яго да князя Курбскага, узяцца, разам з князем Абаленскім, за пераклад ці Рыгора Богаслова ці Васіля Вялікага. Тое, што князь Курбскі зьвярнуўся да Маркі, было няпрыемна яго мэцэнату. Не дарма князь Курбскі ў лісьце да Маркі стараўся адсунуць ад сябе падазрэньне і абвінавачваньне ў тым, што ён хацеў перацягнуць яго да сябе на пасаду. Толькі патрэба ў кіраваньні і дапамозе прымусіла князя Курбскага зьвярнуцца да яго з просьбай аб супрацоўніцтве. Пераклад ня рухаецца наперад, “коснет, так как без помощи не можем, а не смеем дерзнути”. Відаць, Марка быў добрым мовазнаўцам, калі абодва мэцэнаты, князі Курбскі і Слуцкі, зварочваліся да яго за дапамогай і за падтрыманьнем. 3 прычыны адсутнасьці фактычнага матар'ялу нельга высьветліць, наколькі вялікім быў уплыў культурнага гуртка пры двары князя Слуцкага. Ясна толькі адно, што гурток яго быў з ортодоксальным кірункам. Паасобныя яго сябры, будучы добрымі мовазнаўцамі, лічылі патрэбным дапамагаць літаратурнымі заняткамі адраджэньню славянскіх моў. Прызнаньне за гэтым адраджэньнем самастойнага культурнага значэньня набліжала гурток Курбскага да гуртка Слуцкага.

Трэцім гуманістычным асяродкам, навокал якога аб'ядналіся прадстаўнікі новае індывідуалістычнае культуры, быў Несьвіж, маемасьць князя Міколы Радзівіла, канцлера Вялікага Княства Літоўскага і ваяводы Віленскага. Буйны магнат, важная асоба ў політычным жыцьці Беларусі, яскравы прадстаўнік самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага, Радзівіл быў прыхільнікам кальвінізму і імкнуўся да пашырэньня яго ўплыву ў межах сваіх уладаньняў. Застаючыся буйным фэўдалам,. князь Радзівіл, як галава і патрон кальвінскага брацтва ў Несьвіжы, рабіўся яшчэ больш імпозантнай соцыяльна-політычнай фігурай, якая варожа адносілася да тае польска-каталіцкаё культуры, што панавала пры двары Жыгімонта II Аўгуста і з-пад уплыву якой Радзівілы не здалелі вырваць маладога вялікага князя. Маючы вялізарныя сродкі, Радзівіл заснаваў друкарню і даў магчымасьць Буднаму распачаць друкаваньне сваіх протэстанцкіх кніг. Супраціўнік польскае культуры, прадстаўнік незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, князь Радзівіл павінен быў падтрымліваць нацыянальна-культурную традыцыю, як сымболь самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Пры яго двары згрупаваўся гурток гуманістых у васобах Буднага, Мацея Кавечынскага і Лаўрына Крыткоўскага, найактыўнейшых дзеячоў спаміж несьвіскіх гуманістых. Да іх трэба далучыць яшчэ такога буйнога магната, якім быў Астафі Валовіч. Гурток, на чале якога стаяў і які падтрымліваў сваімі сродкамі князь Радзівіл, быў выдатным зьявішчам у беларускай шляхоцкай грамадзкасьці. Яго ўплыў пераходзіў за межы Несьвіжу і пранікаў у самую гушчу шляхоцкае масы. Не дарма протэстанцтва так непакоіць маскоўскага эмігранта, і князь Курбскі так ня любіць і баіцца тэй нацыянальна-культурнай традыцыі, якая зьвязана з імем вялікага беларускага гуманістага, Францішка Скарыны.