Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Выява

Проф. Уладзімер Пічэта


Правадзейны Член Інстытуту Беларускае Культуры.

Беларускае Адраджэньне ў XVI сталецьці.

1.

Адраджэньне сярэдзіны XVI сталецьця ёсьць культурнае зьявішча першараднае важнасьці ў духоўным жыцьці беларускага народу. Інтэлектуальны рух, які распачаўся пад бясспрэчным уплывам заходня-эўропейскае культуры, быў крыніцаю разьвіцьця індывідуалістычных настрояў у беларускім грамадзянстве і дапамагаў узьнікненьню дэмократычнае буржуазнае інтэлігенцыі. Беларусь у XVI сталлецьці была зьвязана з Заходняю Эўропай экономічна. Беларускія зямляўласьнікі зрабіліся буйнымі дастаўнікамі сыравіны на заходня-эўропейскі рынак і накіроўвалі свае тавары па ўсіх рачных і сухаземных шляхох. Разьвіцьцё таварапамену з Заходняй Эўропай павялічвала матар'яльны дабрабыт зямляўласьнікаў, дапамагала памнажэньню капіталаў у беларускіх абшарнікаў. Быт беларускае шляхты рэволюцыянізуецца над беспасрэдным уплывам польскіх узораў і заходня-эўропейскае культуры. Беларускія шляхціцы прызвычайваюцца да вандровак заграніцу і цікавяцца навуковымі заняткамі. Прадстаўнікі беларускае шляхты часта сустракаліся ў заходня-эўропейскіх унівэрсытэтах. Лейпцыг і Вітэнбэрг у Нямеччыне, Падуя ў Італіі, Базэль у Швайцарыі, Чэская Прага - былі тымі навуковымі асяродкамі, куды прадстаўнікі беларускае шляхты накіроўваліся дзеля набыцьця вед. Лік беларускае моладзі, якая вучылася заграніцай, быў вельмі значны. Сярод студэнтаў эўропейскіх унівэрсытэтаў былі прадстаўнікі фамілій: Нарушэвічаў, Корсакаў, Сапегаў, кн. Збараскіх, кн. Вішнявецкіх і іншых. Тыя, што вярталіся з-заграніцы, захопленыя заходня-эўропейскім гуманістычным культурным рухам, вельмі цікавіліся клясычнай старадаўнасьцю, зьбіралі бібліотэкі з старадаўніх клясыкаў і захопліваліся заходня-эўропейскай, пераважна, італьлянскай модай.