Перайсці да зместу

Старонка:Безназоўнае (1925).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

КАРОЛЬ

Я кароль над каралямі,
Пан я над панамі!
Што мне значаць і цары ўсе,—
Пасудзеце самі.

Тругу-гугу! тругу-гугу!—
Дзьму я ў рог вайсковы:
Гэта знак даю падданым
З трубы берастовай.

Лясь-лясь! лясь-лясь!—зброяй лясну
Ўправа, ўлева громка:
Гэта страшу я падданых
Пугай доўгай, ёмкай.

І сабраў сваіх падданых
І павёў, павёў я
Цераз горы, цераз долы,
За гай, за дуброўе.

Тругу-гугу! тругу-гугу!—
Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! лясь-лясь!—сьвішчу зброяй
Грозна, санавіта.

І усеўся я на троне—
На карчы яловым,
А падданыя падданяць,
Ня буркнуць ні слова.