Перайсці да зместу

Старонка:Безназоўнае (1925).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ВОСЕНЬ

Села пад пушчаю Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Сьпетых дажынак ёй жаль.

Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Сьвету сваю варажбу.

Склікала вецер і хмары.
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.

Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круце салому ў страсе.

Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязьмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.

Вецер і хмара да хаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара льле ў вокны залой.