Старонка:Бедныя людзі.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у роспач, будзьце больш разумнымі, прашу вас, малю вас пра гэта. Ну, вось вы бачыце, што ўсё будзе добра, усё зьменіцца на лепшае; а то вам цяжка будзе жыць, вечна сумуючы і гарунячыся чужым горам. Бывайце, мой сябра; малю вас, менш непакойцеся пра мяне.

Б. Д.

Жніўня 5.

Галубок мой, Барбарачка!

Ну, добра, анёлачак мой, добра! Вы вырашылі, што яшчэ не бяда, што я грошай дастаў. Ну, добра; я спакойны, я шчасьлівы на ваш кошт! Нават рад, што вы мяне, старога, не пакідаеце, і на гэтай кватэры застаецеся. Ды ўжо калі ўсё гаварыць, дык і сэрца маё ад радасьці цераз край, калі пабачыў я, што вы пра мяне, у сваім лісьце, так хораша напісалі, і пачуцьцям маім належную хвальбу аддалі. Я гэта ня з гонару гавару, але таму, што бачу, як вы мяне кахаеце, калі пра сэрца маё так непакоіцеся. Ну, добра; што ўжо цяпер пра маё сэрца гаварыць! Сэрца маё па сабе; — а вось Вы кажаце, матачка, каб я баязьлівым ня быў. Але, анёлачак мой, мабыць, і сам скажу, што ня трэба яе, баязьлівасьці; ды пры ўсім гэтым, вырашыце самі, матачка мая, у якіх ботах я заўтра на службу пайду! — Вось яно што, матачка; а падобная-ж думка загубіць чалавека можа, зусім загубіць. А галоўнае, родная мая, што я не па сабе і сумую, не па сабе і пакутую; па мне ўсёроўна, хоць-бы і ў траскучы мароз бяз шынэлі і бяз