Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чуйцы з тоўстага шэра-сіняватага сукна, падперазаны раменным абрывачкам і ў дзягцярных ботах.

— А, дзедка, здароў! — ускрыкнуў Базараў.

— Добрага здаровейка, бацюхна Еўгеній Васільіч, — пачаў дзядок і радасна ўсміхнуўся, ад чаго ўвесь твар яго раптам пакрыўся маршчынамі.

— Чаго завітаў? Па мяне, ці што, прыслалі?

— Злітуйцеся, бацюхна, як можна! — залепятаў Цімафеіч (ён успомніў строгі наказ, атрыманы ад барына пры ад’ездзе). — У горад па панскіх справах ехалі, ды пра вашу міласць прачулі, дык вось і завінулі па дарозе, гэта значыць — паглядзець на вашу міласць... а то як-жа можна турбаваць.

— Ну, не мані, — перапыніў яго Базараў. — У горад табе хіба тут дарога? — Цімафеіч памяўся і нічога не адказаў. — Бацька здароў?

— Дзякуй богу-с.

— І маці?

— І Арына Влас’еўна, дзякуй табе, божухна.

— Чакаюць мяне бадай!

Дзядок схіліў набок сваю драбнюткую галоўку. — Ах, Еўгеній Васільіч, як не чакаць! Ці верыце богу, сэрца зныдзела на бацькоў на вашых глядзючы.

— Ну, добра, добра! не распісвай. Скажы ім, што хутка буду.

— Слухаю-с, — з уздыхам адказаў Цімафеіч.

Вышаўшы з дому, ён абодвума рукамі насунуў сабе шапку на галаву, узлез на ўбогія бегавыя дрожкі, якія ён пакінуў каля варот, і паплёўся трушком, толькі не ў кірунку да горада.

Увечары таго-ж дня Одзінцова сядзела ў сябе ў пакоі з Базаравым, а Аркадзій пахаджваў па зале і слухаў ігру Каці. Князёўна пайшла да сябе наверх; яна наогул трываць не магла гасцей, і асабліва гэтых «новых ачмурэлых», як яна іх называла. У парадных пакоях яна толькі надзімалася; затое, у сябе, перад сваёю пакаёўкай, яна заходзілася часам такою лаянкай, што чапец скакаў у яе на галаве разам з накладкаю. Одзінцова ўсё гэта ведала.

— Як-жа гэта вы ехаць збіраецеся, — пачала яна, — а абяцанне ваша?

Базараў страпянуўся. — Якое-с?

— Вы забыліся? Вы хацелі даць мне некалькі лекцый па хіміі.

— Што рабіць! Бацька мяне чакае, нельга мне болей