Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сэрцы, як ва ўсякага маладога чалавека ў яго гады, ужо накіпела нейкая цмянае і млоснае адчуванне, падобнае на прадчуванне кахання. Каця падняла вечка фартэпіяна і, не гледзячы на Аркадзія, прамовіла ўпоўголас:

— Што-ж вам сыграць?

— Што хочаце, — роўнадушна адказаў Аркадзій.

— Вы якую музыку больш любіце? — паўтарыла Каця, не мяняючы позы.

— Класічную, — тым-жа голасам адказаў Аркадзій.

— Мацарта любіце?

— Мацарта люблю.

Каця дастала цэ-мольную санату-фантазію Мацарта. Яна іграла вельмі добра, хоць крыху строга і суха. Не адводзячы вачэй ад нотаў і моцна сціснуўшы губы, сядзела яна нерухома і роўна, і толькі пад канец санаты твар яе разгарэўся, і маленькая пасма развітых валос упала на цёмнае брыво.

Аркадзія асабліва зацікавіла апошняя частка санаты, тая частка, у якой пасярод чароўнай весялосці бесклапотнага напеву раптоўна ўзнікаюць парыванні такога гораснага, амаль трагічнага смутку... Але думкі, узрушаныя ў ім гукамі Мацарта, былі не да Каці. Гледзячы на яе, ён толькі падумаў: «А няблага-ж іграе гэта паненка, і сама неблагая».

Скончыўшы санату, Каця, не прымаючы рук з клавішаў, спыталася: «даволі?» Аркадзій сказаў, што не смее ўтрудняць яе больш, і загаварыў з ёю пра Мацарта; спытаўся ў яе — сама яна выбрала гэту санату, ці хто ёй яе адрэкамендаваў? Але Каця адказала яму аднаскладова: яна схавалася, увайшла ў сябе. Калі гэта з ёй здаралася, яна не хутка выходзіла наповерх; самы твар яе набываў тады выраз упарты, амаль тупы. Яна была не тое што нясмелая, а недаверлівая і крыху запуджана сястрой, якая яе выхавала, чаго, зразумела, тая і не падазравала. Аркадзій скончыў тым, што, падазваўшы Фіфі, які вярнуўся, пачаў для кантэнансу, з ласкавай усмешкаю, гладзіць яго па галаве. Каця ізноў узялася за свае кветкі.

А Базараў, між тым, рэмізіўся ды рэмізіўся. Анна Сяргееўна гуляла па-майстэрску ў карты, Парфірый Платоныч таксама мог пастаяць за сябе. Базараў застаўся ў пройгрышы, хоць нязначным, але ўсё-такі не зусім для яго прыемным. За вячэраю Анна Сяргееўна зноў завяла гутарку пра батаніку.

— Пойдземце гуляць заўтра з раніцы, — сказала яна яму, — я хачу даведацца ад вас пра лацінскія назвы палявых раслін і іх уласцівасці.

— На што вам лацінскія назвы? — спытаўся Базараў.