Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сітнікаў зноў засмяяўся з віскам. Ён вельмі сароміўся свайго паходжання, і не ведаў, ці адчуваць яму сябе пайльшчоным ці пакрыўджаным ад нечаканага тыкання Базарава.

XIV

Праз некалькі дзён адбыўся баль у губернатара. Мацвей Ільіч быў сапраўдным «героем свята», губерскі прэдвадзіцель абвясціў усім і кожнаму, што ён прыехаў уласна з павагі да яго, а губернатар нават і на балі, нават застаючыся нерухомым, усё «распараджаўся». Мяккасць у абыходжанні Мацвея Ільіча магла раўняцца толькі з яго велічнасцю. Ён прыласкоўваў усіх — адных з адценнем гідлівасці, другіх з адценнем павагі; рассыпаўся «en vrai chevalier français[1]» перад дамамі і безупынна смяяўся буйным, гучным і адзінокім смехам, як яно і трэба саноўніку. Ён паляскаў па спіне Аркадзія і голасна назваў яго «пляменнічкам», падарыў Базарава, апранутага ў старамодны фрак, раскідлівым, але выбачным позіркам мімаходзь, праз шчаку, і няясным, але прыветным мычэннем, у якім толькі і можна было разабраць, што «я...» да «ссьма»; падаў палец Сітнікаву і ўсміхнуўся яму, але ўжо адвярнуў галаву: нават самой Кукшынай, якая з’явілася на баль без усякай крыналіны і ў брудных пальчатках, але з райскаю птушкаю ў валасах, нават Кукшынай ён сказаў «enchanté[2]». Народу было гібель, і ў кавалерах не было недахопу; цывільныя больш ціснуліся ўдоўж сцен, але ваенныя танцавалі старанна, асабліва адзін з іх, які пражыў тыдняў шэсць у Парыжы, дзе ён вывучыўся розным зухаўскім выгукам накшталт: «zut», «Ah fichtrrre», «pst, pst, mon bibi»[3] і т. д. Ён вымаўляў іх дасканала, з сапраўдным парыжскім шыкам і ў той-жа час гаварыў «si j‘aurais», замест «si j‘avais» «absolument»[4] у сэнсе: «абавязкова», словам гаварыў тым велікаруска-французскім вымаўленнем, з якога так смяюцца французы, калі яны не маюць патрэбы запэўняць нашу брацію, што мы гаворым на іх мове як анёлы ,«comme des anges»[5].

Аркадзій танцаваў дрэнна, як мы ўжо ведаем, а Базараў зусім не танцаваў: яны абодва памясціліся ў куточку; да іх далучыўся Сітнікаў. Зрабіўшы на твары сваім пагардлівую насмешку і адпускаючы зласлівыя заўвагі, ён дзёрзкасна паглядзеў вакол і, здавалася, адчуваў сапраўдную асалоду. Раптам твар яго змяніўся і, павярнуўшыся да Аркадзія, ён, як-бы з замяшаннем, прагаварыў: «Одзінцова прыехала».

Аркадзій аглянуўся — і ўбачыў жанчыну высокага росту ў чорным плацці, якая спынілася ў дзвярах залы. Яна здзі-

  1. Як сапраўдны французскі рыцар.
  2. Захоплены.
  3. Воклічы, выгукі.
  4. Зусім, цалкам.
  5. Як анёлы.