Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аб неабходнасці ездзіць да людзей улады на паклон, а проста таму, што губернатар — прыстойны чалавек; пры тым-жа ты, напэўна, маеш жаданне пазнаёміцца з тутэйшым кругам... Ты-ж не мядзведзь, спадзяюся? А ён паслязаўтра дае вялікі баль.

— Вы будзеце на гэтым балі? — спытаўся Аркадзій.

— Ён для мяне яго наладжвае, — прагаварыў Мацвей Ільіч амаль з шкадаваннем. — Ты танцуеш?

— Танцую, толькі дрэнна.

— Гэта дарэмна. Тут ёсць харошанькія, ды і маладому чалавеку сорамна не танцаваць. Ізноў-такі я гэта кажу не з старасвецкіх поглядаў; я зусім не думаю, што розум павінен знаходзіцца ў нагах, але байранізм смешны, il a fait son temps[1].

— Ды я, дзядзечка, зусім не з байранізма, не...

— Я пазнаёмлю цябе з тутэйшымі панямі, я бяру цябе пад сваё крылка, — перапыніў Мацвей Ільіч і самаздаволена засмяяўся. — Табе цёпла будзе, га?

Слуга ўвайшоў і далажыў аб прыездзе старшыні казённай палаты, салодкавокага старыка з зморшчанымі губамі, які надзвычай любіў прыроду, асабліва ў летні дзень, калі, паводле яго слоў: «кожная пчолка з кожнай кветачкі бярэ ўзятачку..» Аркадзій вышаў.

Ён застаў Базарава ў карчме, дзе яны спыніліся, і доўга яго ўпрашаў пайсці да губернатара. «Няма чаго рабіць! — сказаў нарэшце Базараў, — узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Прыехалі глядзець памешчыкаў, давай іх глядзець!» Губернатар прыняў маладых людзей прыветна, але не пасадзіў іх і сам не сеў. Ён вечна мітусіўся і спяшаўся; з раніцы апранаў цесны віц-мундзір і надзвычай тугі гальштук, не даядаў і не дапіваў, усё распараджаўся. Яго ў губерні празвалі Бурдалу, намякаючы тым не на вядомага французскага прапаведніка, а на бурду. Ён запрасіў Кірсанава і Базарава да сябе на баль і праз дзве хвіліны запрасіў іх другі раз, лічачы іх ужо братамі і называючы іх Кайсаравымі.

Яны ішлі да сябе дамоў ад губернатара, як раптам, з праязджаючых міма дрожак, выскачыў чалавек невялікага росту, у славянафільскай венгерцы, і з крыкам: «Еўгеній Васільевіч!» кінуўся да Базарава.

— А! гэта вы, гер Сітнікаў, — прагаварыў Базараў, не спыняючыся ісці па тратуары: — якім чынам?

— Уявіце, зусім выпадкова, — адказаў той, і, павярнуўшыся да дрожак, махнуў разоў пяць рукой і закрычаў: — ідзі за намі, ідзі! — У майго бацькі туту справа, — казаў ён далей, пераскокваючы праз канаўку: — ну, дык ён мяне пра-

  1. Яго час прайшоў.