Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўздумала яго шукаць. Яе голас адразу напомніў яму, яго сівыя валасы, яго старасць, яго цяперашняе...

Чароўны свет, у які ён ужо ўваходзіў, які паўставаў ужо з туманных хваляў мінулага, варухнуўся і знік.

— Я тут, — адказаў ён: — я прыду, ідзі. «Вось яны, сляды панства», мільганула ў яго ў галаве. Фенічка моўчкі глянула да яго ў альтанку і знікла; а ён з здзіўленнем заўважыў, што ноч паспела надыйсці з той пары, як ён замарыўся. Усё пацямнела і заціхла навакол, і твар Фенічкі слізнуў перад ім такі бледны і маленькі. Ён прыпадняўся і хацеў вярнуцца дамоў; але размякчанае сэрца не магло супакоіцца ў яго грудзях, і ён пачаў павольна хадзіць па садзе, то задуменна гледзячы сабе пад ногі, то ўзнімаючы вочы ў неба, дзе ўжо роіліся і пераміргваліся зоры. Ён хадзіў шмат, амаль да стомленасці, а трывога ў ім, нейкая шукаючая, няпэўная, сумная трывога, усё не ўнімалася. О, як Базараў пасмяяўся-б з яго, калі-б ён даведаўся, што ў ім тады адбывалася! Сам Аркадзій асудзіў-бы яго. У яго, у саракачатырохгадовага чалавека, агранома і гаспадара, находзілі слёзы, беспрычынныя слёзы; гэта было ў сто разоў горш за віяланчэль.

Нікалай Пятровіч усё хадзіў і не мог адважыцца ўвайсці ў дом, у гэта мірнае і ўтульнае гняздо, якое так прыветна глядзела на яго ўсімі сваімі асветленымі вокнамі, ён не меў сілы расстацца з цемраддзю, з садам, з адчуваннем свежага паветра на твары, і з гэтаю журбою, з гэтаю трывогаю...

На павароце дарожкі сустрэўся яму Павел Пятровіч.

— Што з табою? — пытаўся ён у Нікалая Пятровіча: — ты бледны, як прывід; ты нездаровы; чаму ты не кладзешся?

Нікалай Пятровіч растлумачыў яму ў кароткіх словах свой душэўны стан і пайшоў. Павел Пятровіч дайшоў да канца саду, і таксама задумаўся, і таксама ўзняў вочы ў неба. Але ў яго прыгожых цёмных вачах не адлюстравалася нічога, акрамя святла зор. Ён не быў народжаны рамантыкам, і не ўмела марыць яго шчогальска-сухая і палкая, на французскі лад мізантрапічная душа...

— Ці ведаеш што? — гаварыў у тую-ж ноч Базараў Аркадзію. — Мне ў галаву прышла надзвычайная думка. Твой бацька гаварыў сягоння, што ён атрымаў запрашэнне ад гэтага вашага знатнага сваяка. Твой бацька не паедзе; махнём мы з табой у ***; гэты-ж пан і цябе кліча. Бачыш, якое зрабілася тут надвор’е; а мы праедземся, горад паглядзім. Пабавімся дзён пяць-шэсць, і годзе!

— А адтуль ты вернешся сюды?

— Не, трэба да бацькі праехаць. Ты ведаеш, ён ад ***