Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гм!.. Дзейнічаць, ламаць... — казаў ён далей. Але як-жа гэта ламаць, не ведаючы нават, нашто?

— Мы ломім, таму што мы сіла, — заўважыў Аркадзій.

Павел Пятровіч паглядзеў на свайго пляменніка і ўсміхнуўся.

— Але, сіла — дык і не думаем аб гэтым, — прагаварыў Аркадзій і выпрастаўся.

— Няшчасны! — залемантаваў Павел Пятровіч; ён зусім ужо не мог далей трываць: — хоць-бы ты падумаў, што ты ў Расіі падтрымліваеш сваёю брыдознаю сентэнцыяй! Не, гэта можа анёла з цярпення вывесці! Сіла! І ў дзікім калмыку, і ў манголе ёсць сіла — ды на што нам яна? — Нам дорага цывілізацыя, так-с, так-с, міласлівы гасудар; нам дораг яе плён. І не кажыце мне, што гэты плён мізэрны: апошні пэцкаль, un barbouilleur[1], тапёр, якому даюць пяць капеек за вечар, і тыя карысней за вас, таму што яны прадстаўнікі цывілізацыі, а не грубай мангольскай сілы! Вы ўяўляеце сябе перадавымі людзьмі, а вам толькі ў калмыцскай кібітцы сядзець! Сіла! Ды ўспомніце нарэшце, паны вялікія, што вас усяго чатыры чалавекі з паловаю, а тых — мільёны, якія не дазволяць вам таптаць нагамі свае найсвяшчэнныя вераванні, якія раздушаць вас!

— Калі раздушаць, туды і дарога, — прамовіў Базараў. — Толькі бабка яшчэ надвое сказала. Нас не так мала, як вы думаеце.

— Як? Вы не жартуючы думаеце зладзіць, зладзіць з цэлым народам?

— Ад капеечнай свечкі, вы ведаеце, Масква згарэла, — адказаў Базараў.

— Так, так. Спярша гордасць амаль шатанская, потым здзек, Вось, вось чым захапляецца моладзь, вось перад чым скараюцца неспрактыкаваныя сэрцы блазнаў! Вось, паглядзіце, адзін з іх побач з вамі сядзіць, — ён-жа ледзь не моліцца на вас, палюбуйцеся. (Аркадзій адвярнуўся і нахмурыўся). І гэта зараз ўжо далёка распаўсюдзілася. Мне казалі, што ў Рыме нашы мастакі ў Ватыкан ні нагой. Рафаэля лічаць ледзь не за дурня, таму што гэта, моў, аўтарытэт; а самі бяссільныя і бясплодныя да брыдасці, а ў саміх фантазія далей «Дзяўчыны каля фантана» не дастае, хоць ты што! І напісана дзяўчына няма горай. Па-вашаму яны малайцы, праўда?

— Па-мойму, — сказаў на гэта Базараў:- Рафаэль меднага гроша не варты; ды і яны не лепш за яго.

— Брава! брава! Слухай, Аркадзій... вось як павінны сучасныя маладыя людзі гаварыць! І як, падумаеш, ім не ісці

  1. Пэцкаль.