Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, слухай...

І Аркадзій расказаў яму гісторыю свайго дзядзькі. Чытач знойдзе яе ў наступным раздзеле.


VII

Павел Пятровіч Кірсанаў выхоўваўся спярша дома гэтак-жа, як і малодшы брат яго, Нікалай, потым у пажаскім корпусе. Ён з дзяцінства адзначаўся надзвычайнай прыгажосцю; да таго-ж ён быў самаўпэўнены, крыху кплівы і неяк забаўна жоўчны — ён не мог не падабацца. Ён пачаў з’яўляцца ўсюды, як толькі вышаў у афіцэры. Яго насілі на руках, і ён сам сябе балаваў, нават дурэў, нават манежыўся; але і гэта да яго ішло. Жанчыны ад яго вар’яцелі, мужчыны называлі яго фатам і ўпотай зайздросцілі яму. Ён жыў, як ужо сказана, на адной кватэры з братам, якога любіў шчыра, хоць ніколькі на яго не быў падобны. Нікалай Пятровіч пакульгваў, рысы меў маленькія, непрыемныя, але крыху смутлівыя, невялікія чорныя вочы і мяккія рэдкія валасы; ён ахвотна гультаяваў, але і чытаў ахвотна, і баяўся кампаніі. Павел Пятровіч ніводнага вечара не праводзіў дома, вызначаўся смеласцю і спрытам (ён увёў быў гімнастыку ў моду паміж свецкаю моладдзю) і прачытаў усяго пяць-шэсць французскіх кніг. На дваццаць восьмым годзе ад нараджэння ён ужо быў капітанам; бліскучая кар’ера чакала яго. Раптам усё змянілася.

У той час, у пецербургскім свеце, зрэдку з’яўлялася жанчына, якую не запамятавалі да гэтай пары, княгіня Р. У яе быў адукаваны і прыстойны, але дурнаваты муж, і не было дзяцей. Яна раптам ад’язджала за мяжу, раптоўна варочалася ў Расію, наогул вяла дзівачнае жыццё. Яна была вядомая за лёгкадумную какетку, з захапленнем аддавалася ўсякага роду пацехам, танцавала да ўпаду, рагатала і жартавала з маладымі людзьмі, якіх прымала перад абедам ў поўзмроку гасцінай, а начамі плакала і малілася, не знаходзіла нідзе спакою, і часта да самай раніцы кідалася па пакоі, тужліва ломячы рукі, альбо сядзела, уся бледная і халодная, над псалтырам. Дзень надыходзіў, і яна зноў ператваралася ў свецкую даму, зноў выязджала, смяялася, лапатала, і нібы кідалася насустрач усяму, што магло даць ёй самую малую забаўку. Яна была надзвычайна складзена; яе каса залатога колеру і цяжкая, як золата, падала ніжэй каленяў, але красуняй яе ніхто-б не назваў; ва ўсім яе твары толькі і было прывабнага што вочы, і нават не самыя вочы — яны былі невялікія і шэрыя — але погляд іх,