Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

валодаць. Заўтра альбо паслязаўтра мазгі мае, ты ведаеш, у адстаўку пойдуць. Я і цяпер не зусім упэўнены, ці ясна я гавару. Пакуль я ляжаў, мне ўсё здавалася, што вакол мяне чырвоныя сабакі бегалі, а ты нада мною стойку рабіў, як над цецеруком. Нібы я п’яны. Ты добра мяне разумееш?

— Злітуйся, Еўгеній, ты кажаш, зусім, як трэба.

— Тым лепш; ты мне сказаў, ты паслаў па доктара... Гэтым ты сябе пацешыў... пацеш і мяне: пашлі ты пасланца...

— Да Аркадзія Нікалаіча, — падхапіў стары.

— Хто такі Аркадзій Нікалаіч? — прагаварыў Базараў, як-бы ў раздум’і... — Ах, праўда! птушанё гэта! Не, ты яго не чапай: ён цяпер у галкі трапіў. Не дзівіся, гэта яшчэ не брэд. А ты пашлі пасланца да Одзінцовай, Анны Сяргееўны, тут ёсць такая памешчыца... Ведаеш? (Васілій Іванавіч кіўнуў галавой). Еўгеній, моў, Базараў, кланяцца загадаў і загадаў сказаць, што памірае. Ты гэта выканаеш?

— Выканаю... Толькі ці магчыма гэта справа, каб ты памёр, ты, Еўгеній... Сам памяркуй! Дзе-ж пасля гэтага будзе праўда?

— Гэтага я не ведаю; а толькі ты пасланца пашлі.

— Зараз-жа пашлю, і сам ліст напішу.

— Не, нашто; скажы, што кланяцца загадаў, больш нічога не трэба. А цяпер я ізноў да маіх сабак. Дзіўна! хачу спыніць думку на смерці, і нічога не выходзіць. Бачу нейкую пляму... і болей нічога.

Ён ізноў цяжка павярнуўся да сцяны; а Васілій Іванавіч вышаў з габінета і, дабраўшыся да жончынай спальні, так і кінуўся на калені перад абразамі.

— Маліся, Арына, маліся! — прастагнаў ён: — наш сын памірае.

Доктар, той самы павятовы лекар, у якога не знайшлося пякельнага камня, прыехаў і, агледзеўшы хворага, параіў трымацца методы вычакальнай і тут-жа сказаў некалькі слоў пра магчымасць выздараўлення.

— А вам здаралася бачыць, што людзі ў маім становішчы не накіроўваюцца ў Елісейскія? — спытаўся Базараў і, раптоўна схапіўшы за ножку цяжкі стол, які стаяў каля канапы, патрос яго і зрушыў з месца.

— Сіла, сіла, — прамовіў ён, — усё яшчэ тут, а трэба паміраць!.. Стары, той, прынамсі, паспеў адвыкнуць ад жыцця, а я... Ды ідзі, паспрабуй адмаўляць смерць. Яна цябе адмаўляе, і годзе! Хто там плача? — дадаў ён, пачакаўшы трохі. — Маці? Бедная! Каго-ж яна будзе карміць цяпер сваімі дзіўнымі буракамі? А ты, Васілій Іванавіч, таксама, здаецца, нюніш? Ну, калі хрысціянства не дапамагае, будзь