Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ната якога складаецца ў ледзь свядомым маўклівым падпільноўванні шырокай жыццёвай хвалі, якая бесперапынна коціцца і кругом нас, і ў нас саміх.

На другі дзень пасля прыезду Базарава Каця сядзела на сваёй любімай лаўцы, і побач з ёю сядзеў ізноў Аркадзій. Ён упрасіў яе пайсці з ім у «порцік».

Да снедання заставалася каля гадзіны; росная раніца ўжо змянялася гарачым днём. Твар Аркадзія быў, як учора, Каця мела выгляд заклапочаны. Сястра яе, зараз-жа пасля чаю, паклікала яе да сябе ў габінет і, спачатку прылашчыўшы яе, што заўсёды крыху палохала Кацю, параіла ёй быць асцярожней у сваіх паводзінах з Аркадзіем, а асабліва ўнікаць гутарак з ім адзін-на-адзін, быццам заўважаных і цёткаю, і ўсім домам. Акрамя таго, ўжо напярэдадні ўвечары, Анна Сяргееўна была не ў гуморы; ды і сама Каця адчувала замяшанне, быццам мела віну за сабою. Уступаючы просьбе Аркадзія, яна сабе сказала, што гэта ў апошні раз.

— Кацярына Сяргееўна, — загаварыў ён з нейкаю сарамяжнаю развязнасцю, — з той пары, як я маю шчасце жыць у адным доме з вамі, я пра шмат што з вамі гутарыў, а між тым ёсць адно вельмі важнае для мяне... пытанне, якога я яшчэ не закранаў. Вы заўважылі ўчора, што мяне тут перарабілі, — дадаў ён, і ловячы, і ўхіляючыся ад дапытліва ўтаропленага на яго погляду Каці. — Сапраўды, я шмат у чым змяніўся, і гэта вы ведаеце лепш за ўсякага другога, — вы, якой я, па сутнасці, і абавязаны гэтаю пераменаю.

— Я?.. Мне?.. — прагаварыла Каця.

— Я цяпер ужо не той пышлівы хлопчык, якім я сюды прыехаў, — казаў далей Аркадзій, — не дарма-ж мне і мінуў дваццаць трэці год, я па-ранейшаму хачу быць карысным, хачу прысвяціць усе мае сілы ісціне; але я ўжо не там шукаю свае ідэалы, дзе шукаў іх раней; яны ўяўляюцца мне... куды бліжэй. Дагэтуль я не разумеў сябе, я задаваў сабе задачы, якія мне не пад сілу... Вочы мае нядаўна пачалі бачыць, дзякуючы аднаму пачуццю... Я кажу не зусім ясна, але спадзяюся, вы мяне разумееце...

Каця нічога не адказвала, але перастала глядзець на Аркадзія.

— Я лічу, — загаварыў ён зноў, ужо больш усхваляваным голасам, а зяблік над ім у лісці бярозы бесклапотна распяваў сваю песеньку, — я лічу, што абавязак кожнага сумленнага чалавека быць зусім шчырым з тым... з тымі людзьмі, якія... словам, з блізкімі яму людзьмі, а таму я... я намераны...

Але тут красамоўства здрадзіла Аркадзію, ён збіўся, за-