Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нікалай Пятровіч толькі ўздыхнуў; ён і не падазраваў, да каго былі гэтыя словы.

Базараў з’явіўся да яго на другі дзень, гадзіне а восьмай. Ён паспеў ужо сабрацца і выпусціць на волю ўсіх сваіх жаб, казюлек і птушак.

— Вы прышлі са мною развітацца? — прагаварыў Нікалай Пятровіч, падымаючыся яму насустрач.

— Точна так.

— Я вас разумею і адабраю вас цалкам. Мой бедны брат, канешне, вінаваты: затое ён і пакараны. Ён мне сам сказаў, што паставіў вас у немагчымасць іначай дзейнічаць. Я веру, што вам нельга было ўхіліцца ад гэтага паядынку, які... які да некаторай ступені тлумачыцца адным толькі заўсёдным антаганізмам вашых узаемных поглядаў. (Нікалай Пятровіч блытаўся ў сваіх словах). Мой брат — чалавек строгага закалу, запальчывы і пануры... Дзякуй богу, што яшчэ так скончылася. Я ўжыў усе патрэбныя захады, каб гэта не пайшло па людзях...

— Я вам пакіну свой адрас на выпадак, калі выйдзе гісторыя, — заўважыў нядбайна Базараў.

— Я спадзяюся, што ніякай гісторыі не выйдзе, Еўгеній Васільевіч... Мне вельмі шкода, што ваша пражыванне ў маім доме атрымала такое... такі канец. Мне гэта тым больш непрыемна, што Аркадзій...

— Я, напэўна, з ім убачуся, — сказаў на гэта Базараў, у якім усякага роду «тлумачэнні» і «выказванні» заўсёды ўзнімалі нецярплівыя пачуцці: — у інакшым выпадку прашу вас пакланіцца яму ад мяне і прыняць маё шчырае шкадаванне.

— І я прашу... — адказаў з паклонам Нікалай Пятровіч. Але Базараў не дачакаўся канца яго фразы і вышаў.

Даведаўшыся пра ад’езд Базарава, Павел Пятровіч пажадаў яго бачыць і паціснуў яму руку. Але Базараў і тут застаўся халодны, як лёд; ён разумеў, што Паўлу Пятровічу хацелася павялікадушнічаць. З Фенічкай яму не ўдалося развітацца: ён толькі пераглянуўся з ёю з акна. Яе твар здаўся яму сумным. «Загіне, бадай», сказаў ён сам сабе... «Ну, выкараскаецца як-небудзь!» — затое Пётр расчуліўся да таго, што плакаў у яго на плячы, пакуль Базараў не ахаладзіў яго пытаннем: «Ці не на мокрым месцы ў яго вочы?» — А Дуняша змушана была збегчы ў гай, каб стаіць сваё хваляванне. Вінавайца ўсяго гэтага гора ўлез на калёсы, закурыў сігару, і калі на чацвертай вярсце, пры павароце дарогі, у апошні раз перад яго вачыма праплыла развінутая ў адну лінію кірсанаўская сядзіба з сваім новым панскім