Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Маўчанне цягнулася, цяжкае і няёмкае. Абодвум было нядобра. Кожны з іх усведамляў, што другі яго разумее. Сябрам гэта ўсведамленне прыемнае, і вельмі непрыемнае непрыяцелям, асабліва калі нельга ні пагаварыць, ні разыйсціся.

— Не туга я завязаў вам нагу? — спытаўся нарэшце Базараў.

— Не, нічога, вельмі добра, — адказаў Павел Пятровіч і, пачакаўшы крыху, дадаў: — брата не правядзеш, трэба будзе сказаць яму, што мы паспрачаліся з-за палітыкі.

— Вельмі добра, — прамовіў Базараў. — Вы можаце сказаць, што я лаяў усіх англаманаў.

— І добра. Як вы мяркуеце, што думае цяпер пра нас гэты чалавек? — казаў далей Павел Пятровіч, паказваючы на таго самага мужыка, які за некалькі хвілін да дуэлі прагнаў міма Базарава спутаных коней і, вяртаючыся назад па дарозе, «збочыў» і зняў шапку, убачыўшы «паноў».

— Хто-ж яго ведае! — адказаў Базараў: — напэўней за ўсё, што нічога не думае. — Рускі мужык — гэта той самы таемны незнаёмы, пра якога так шмат гаварыла пані Радкліф[1]. Хто яго зразумее. Ён сам сябе не разумее.

— А! вось вы як! — пачаў быў Павел Пятровіч і раптам ускрыкнуў: — паглядзіце, што ваш дурыла Пётр нарабіў! Гэта-ж брат сюды скача!

Базараў павярнуўся і ўбачыў бледны твар Нікалая Пятровіча, які сядзеў на дрожках. Ён саскочыў з іх раней, чым яны спыніліся, і кінуўся да брата. — Што гэта значыць? — прагаварыў ён усхваляваным голасам: — Еўгёній Васільевіч, злітуйцеся, што гэта такое?

— Нічога, — адказаў Павел Пятровіч, — дарэмна цябе патрывожылі. Мы трошкі паспрачаліся з панам Базаравым, і я за гэта трошкі ў непрыемнасці.

— Ды праз што ўсё гэта вышла, богам прашу.

— Як табе сказаць? Пан Базараў пагардліва паставіўся да сэра Роберта Піля[2]. Зараз-жа дадаю, што ва ўсім вінаваты адзін я, а пан Базараў трымаў сябе надзвычай добра. Я яго выклікаў.

— Ды ў цябе кроў, злітуйся!

— А ты думаў, у мяне вада ў жылах? Але мне гэта пусканне крыві нават карысна. Праўда, доктар? Дапамажы мне сесці на дрожкі і не ўпадай у меланхолію. Заўтра я буду здаровы. Вось так; надзвычайна. Рушай, фурман.

Нікалай Пятровіч пайшоў за дрожкамі: Базараў застаўся быў ззаду…

— Я павінен вас прасіць заняцца братам, — сказаў яму

  1. Радкліф Анна, англійская раманістка, аўтар рамана, „Удольфскія тайны“.
  2. Роберт Піль-сын, англійскі палітычны дзеяч, які быў аднойчы ў Расіі.