Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заўтра рана, прыкладам, а шостай гадзіне, за гаем, на пісталетах; бар’ер за дзесяць крокаў...

— За дзесяць крокаў? гэта так; мы на гэту адлегласць ненавідзім адзін аднаго.

— Можна і восем, — заўважыў Павел Пятровіч.

— Можна; чаму-ж не!

— Страляць два разы; а на ўсякі выпадак кожнаму пакласці сабе ў кішэню пісямко, у якім ён сам абвінаваціць сябе ў сваёй смерці.

— Вось з гэтым я не зусім згодзен, — прамовіў Базараў. — Трошкі на французскі раман збіваецца, непраўдападобна нешта.

— Быць можа. Аднак згадзіцеся, што непрыемна падпасці пад падазрэнне ў забойстве?

— Згаджаюся. Але ёсць сродак унікнуць гэтага сумнага наракання. Секундантаў у нас не будзе, але можа быць сведка.

— Хто іменна, дазвольце даведацца?

— Ды Пётр.

— Які Пётр?

— Камердынер вашага брата. Ён чалавек, які стаіць на вышыні сучаснай асвечанасці, і выканае сваю ролю з усім неабходным у падобных выпадках камільфо[1].

— Мне здаецца, вы жартуеце, міласлівы гасудар.

— Ніколькі. Абмеркаваўшы маю прапанову, вы пераканаецеся, што яна поўна разумнага сэнсу і прастаты. Шыла ў мяшку не ўтоіш, а Пятра я бяруся падрыхтаваць належным чынам і прывесці на месца пабоішча.

— Вы не спыняеце жартаваць, — вымавіў, устаючы з крэсла, Павел Пятровіч. — Але пасля ласкавай гатоўнасці, дадзенай вамі, я не маю права быць на вас у прэтэнзіі... Значыцца, усё ўладжана... Дарэчы, пісталетаў у вас няма?

— Адкуль будуць у мяне пісталеты, Павел Пятровіч? Я не воін.

— У такім выпадку прапаноўваю вам мае. Вы можаце быць упэўнены, што вось ужо пяць гадоў, як я не страляў з іх.

— Гэта вельмі прыемная вестка.

Павел Пятровіч ўзяў сваю палку... — За гэтым, міласлівы гасудар, мне застаецца толькі дзякаваць вам і вярнуць вас вашым заняткам. Гонар маю кланяцца.

— Да прыемнага спаткання, міласлівы гасудар мой, — прамовіў Базараў, праважаючы гасця.

Павел Пятровіч вышаў, а Базараў пастаяў перад дзвярыма і раптам ускрыкнуў: «Фу ты, чорт! як прыгожа і як

  1. Камільфо — comme il faut — як трэба.