Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не ты-б казаў, Еўгеній! Калі ты сябе ламаў?

Базараў прыпадняў галаву.

— Я толькі гэтым і ганаруся. Сам сябе не зламаў, дык і баба мяне не зломіць. Амін! Скончана! Слова пра гэта больш ад мяне не пачуеш.

Абодва прыяцелі праляжалі некаторы час у маўчанні.

— Але, пачаў Базараў, — дзіўная істота чалавек. Як паглядзіш гэтак збоку ды здалёк на глухое жыцце, якое вядуць тут «бацькі», здаецца: чаго лепей? Еш, пі і ведай, што робіш самым правільным, самым разумным манерам. Аж не; туга апаноўвае, хочацца з людзьмі вазіцца, — хоць лаяць іх, ды вазіцца з імі.

— Трэба-б так пабудаваць жыццё, каб кожны момант у ім быў значны, — вымавіў задуменна Аркадзій.

— Хто гаворыць! Значнае, хоць і фальшывае бывае, ды салодкае, але і з нязначным памірыцца можна... а вось — дробязь усякая, смецце... гэта бяда.

— Увесь гэты бруд не існуе для чалавека, калі ён толькі не захоча яго прызнаць.

— Гм... гэта ты сказаў процілеглае агульнае месца.

— Што? — Што ты называеш гэтым імем?

— А вось што: сказаць, напрыклад, што асвета карысная, гэта агульнае месца; а сказаць, што асвета шкодная, гэта процілеглае агульнае месца. Яно як быццам фігурысцей, а па сутнасці адно і тое-ж.

— Але праўда дзе, на якім баку?

— Дзе? Я табе адкажу, як рэха: дзе?

— Ты ў меланхалічным настроі сягоння, Еўгеній.

— Сапраўды? Сонца мяне, напэўна, распарыла, ды і малін няможна так шмат есці.

— У такім выпадку нядрэнна трохі задрамаць, — заўважыў Аркадзій.

— Бадай; толькі ты не глядзі на мяне: кожнага чалавека твар дурны, калі ён спіць.

— А табе не ўсёроўна, што пра цябе думаюць?

— Не ведаю, што табе сказаць. Сапраўдны чалавек пра гэта не павінен клапаціцца; сапраўдны чалавек той, пра якога думаць няма чаго, а якога трэба слухаць, альбо ненавідзець.

— Дзіўна! я нікога не ненавіджу, — прамовіў, падумаўшы, Аркадзій.

— А я дык шмат каго. Ты далікатная душа, размазня, дзе табе ненавідзець!.. Ты пудлуеш, мала на сябе спадзяешся...