Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А! ён па медыцынскаму факультэту, — заўважыў Нікалай Пятровіч і памаўчаў. — Пётр, — дадаў ён і працягнуў руку, — гэта, здаецца, нашы мужыкі едуць?

Пётр глянуў убок, куды паказваў барын. Некалькі калёс, запрэжаных раскілзанымі конямі, шпарка каціліся па вузкім прасёлку. У кожных калёсах сядзела па адным, многа па два, мужыкі ў кажухах наросхрыст.

— Точна так-с, — прамовіў Пётр.

— Куды-ж яны едуць, у горад, ці што?

— Думаць трэба, што ў горад. У шынок, — дадаў ён пагардліва і злёгку нахіліўся да фурмана, як-бы спасылаючыся на яго. Але той нават не варухнуўся: гэта быў чалавек старога закалу, які не падзяляў найноўшых поглядаў.

— Клапоты ў мяне вялікія з мужыкамі сяголета, — казаў далей Нікалай Пятровіч, звяртаючыся да сына. — Не плоцяць аброку. Што ты будзеш рабіць?

— А сваімі наёмнымі работнікамі ты здаволены?

— Але, — працадзіў скрозь зубы Нікалай Пятровіч. — Падбіваюць іх, вось што бяда; ну і сапраўднай старэннасці ўсё яшчэ няма. Збрую псуюць. Аралі, аднак, нічога. Перамелецца — мука будзе. Ды хіба цябе цяпер гаспадарка займае?

— Ценю няма ў вас, вось што гора, — заўважыў Аркадзій, не адказваючы на апошняе пытанне.

— Я з паўночнага боку над балконам вялікую маркізу прырабіў, — прамовіў Нікалай Пятровіч: — цяпер і абедаць можна на паветры.

— Нешта на дачу больш падобна будзе... а ўрэшце, гэта ўсё драбніцы. Якое затое тут паветра! Як слаўна пахне! Сапраўды, мне здаецца, нідзе ў свеце так не пахне, як у тутэйшых краях! Ды і неба тут...

Аркадзій раптам спыніўся, кінуў ускосны погляд назад і змоўк.

— Канешне, — заўважыў Нікалай Пятровіч, — ты тут радзіўся, табе ўсё павінна здавацца тут нечым асаблівым...

— Ну, папаша, гэта усёроўна, дзе-б чалавек ні радзіўся.

— Аднак...

— Не, гэта зусім усёроўна.

Нікалай Пятровіч паглядзеў збоку на сына, і каляска праехала з поўвярсты, раней чым гутарка аднавілася між імі.

— Не помню, ці пісаў я табе, — пачаў Нікалай Пятровіч, — твая былая нянька, Егораўна, памерла.

— Няўжо? Бедная старая! А Пракоф’іч жыве?

— Жыве і ніколькі не змяніўся. Усё гэтак-жа бурчыць. Наогул ты вялікіх перамен у Мар’іне не знойдзеш.